Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРАЦІНА ЯГАД І ГРЫБОЎ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ ЗАБРУДЖАНЫЯ РАДЫЁНУКЛІДАМІ ЗВЫШ НОРМАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Не вынятак – гарады і сельскія раёны Магілёўскай вобласьці, дзе ад радыяцыі пацярпелі значныя тэрыторыі. Радыёлягі папярэджваюць, што набыцьцё дароў лесу без адпаведных дакумэнтаў – справа рызыкоўная, бо ўзровень радыяцыйнага забруджваньня ягад і грыбоў можа значна перавышаць дапушчальныя нарматывы.

У Магілёўскім абласным цэнтры санітарыі на гэтым тыдні “пачаставаліся”, як жартуюць спэцыялісты, першымі чарніцамі з Быхаўскага раёну, узровень радыяцыі якіх перавышаў норму амаль у тры разы. Іншыя чарніцы – з Быхаўскага і Бялыніцкага раёнаў – пасьпяхова прайшлі радыялягічны кантроль, але на гэты дзень зафіксаваныя толькі адзінкавы выпадкі добраахвотнай здачы грыбоў і ягадаў на аналізы.

Іншая справа – гандаль на рынку. На Цэнтральным калгасным рынку ў абласным цэнтры большасьць гандляроў з самых розных раёнаў Магілёўшчыны прад’яўлялі дакумэнты, якія сьведчылі аб пасьпяховым праходжаньні радыялягічнай экспэртызы.

Праўда, людзі скардзіліся на тое, што для аналізу трэба адстойваць немалую чаргу, а таксама аддаваць у лябараторыю амаль кіляграм прадукту. Разам з тым, толькі адзінкавыя пакупнікі цікавяцца паперамі. Вось меркаваньне магілеўчанкі:

(Пакупніца: ) “Я ведаю, як ідуць праверкі, і таму так і стаўлюся да іх. Так, гэта трэба, але ўсё роўна… Проста давяраць трэба людзям, а не праверкам. Я ведаю, як яны ідуць. Сама здавала”.

Ёсць і такія гандляры, якія дакумэнтаў ня маюць. Яны рызыкуюць, бо міліцыянты праводзяць на рынках разам з санітарнымі лекарамі рэйды. Але ў такім выпадку трэба яшчэ доказы таго, што чалавек сапраўды прадаваў, а не стаяў і адпачываў з кошыкам ягад ці грыбоў. Ды і, урэшце, штраф невялікі. А пакупнікі ня скардзяцца.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, летась у Магілёўскай вобласьці было здадзена насельніствам 7 тысяч проб прадуктаў зь лесу і прысядзібных участкаў. Траціна зь іх аказаліся бруднымі ў сэнсе радыяцыі. У тых раёнах, якія моцна пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, 70% перавышаюць дапушчальныя ўзроўні радыяцыі.

Лекары-радыёлягі бачаць у праблеме забруджаных прадуктаў і сацыяльны аспэкт. Гаворыць загадчык радыялягічнага аддзелу абласнога цэнтру санітарыі Леанід Ліпніцкі:

(Ліпніцкі: ) “Калі такія сацыяльныя ўмовы, што чалавек ня можа набыць чыстыя прадукты харчаваньня, то ён усё роўна хоча есьці, пойдзе ў лес і будзе зьбіраць грыбы ды ягады”.

Тым больш, што акрамя грыбоў і ягад, мы поўны год харчуемся малаком, мясам ды бульбай – прадуктамі, якія вырабляюцца ў вобласьці і таксама звычайна ўтрымліваюць радыёнукліды. Таму дактары і лічаць, што трэба кожнаму чалавеку даць магчымасьць зарабіць прыстойныя грошы і набыць экалягічна чыстае харчаваньне, а ён будзе вырашаць самастойна – як клапаціцца пра сваё здароўе, што яму есьці і колькі жыць.
XS
SM
MD
LG