Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЯК НА ЧВЭРЦЬ СКАРАЦІЎСЯ СЁЛЕТА ЭКСПАРТ ПРАДУКЦЫІ ГОМЕЛЬСКАГА РЭГІЁНУ Ў РАСЕЮ


Казімер Яноўскі, Гомель

Меней Расея стала купляць гомельскіх сельгасмашын, мэблі, жлобінскага корду, прадукцыі хімічнай прамысловасьці, жывёлагадоўлі, алькагольных і безалькагольных напояў.

Прычым характэрна, што гомельскую прадукцыю сталі меней набываць менавіта рэгіёны памежнай зь Беларусьсю Цэнтральнай фэдэральнай акругі Расеі. Выключэньне складае хіба толькі найбліжэйшая Бранская вобласьць. Астатнія – Курская, Арлоўская , Белгародзкая, Смаленская – нашмат меней сталі цікавіцца таварамі, што вырабляюць прадпрыемствы Гомеля. Нават Масква, чые дні праходзілі нядаўна ў Беларусі, і ў Гомелі, у прыватнасьці, набыла тавараў на 17 мільёнаў даляраў меней, чымся летась.

Распавядае Уладзімер Маёраў.

(Маёраў: ) “Што да праблемаў гандлю з Расейскай Фэдэрацыяй, то ў першую чаргу я б назваў пытаньні неабходнасьці статыстычнага дэкляраваньня нашых тавараў. Так, у нас няма дзяржаўнай мяжы, строгіх бар’ераў, але мы лічым статыстычнае дэкляраваньне і ўзніклыя зь ім праблемы надта дарагой платай за экспарт. Мы губляем на гэтым пакупнікоў з Расеі. Калі расейскі прадпрымальнік прыяжджае, напрыклад, у Добруш на парцалянавы завод, набывае партыю тавару, а яму кажуць: а цяпер паедзь у Гомель і ўсё гэта адпаведным чынам аформі перад тым, як вывезьці прадукцыю, то ён другі раз, як правіла, не прыяжджае”.

Сярод іншых праблемаў, што стрымліваюць экспарт у Расею, чыноўнік аблвыканкаму называе неканкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў па цане.

Да таго ж Расея не забрала 300 кармаўборачных камбайнаў аб’яднаньня “Гомсельмаш”, вырабленых у якасьці платы за спажытыя беларускімі прадпрыемствамі энэрганосьбіты.
XS
SM
MD
LG