Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЯСТЭЧКУ РУЖАНА ПРАВАСЛАЎНЫЯ ВЕРНІКІ НЕ ПУСКАЮЦЬ СЬВЯТАРА Ў ЦАРКВУ


Алесь Горбач, Ружана

Вайна вакол ружанскай царквы ідзе паміж двума сьвятарамі — айцом Мікалаем Саўчуком і айцом Мікалаем Каранчуком. Першы прабыў настаяцелем Сьвята-Петрапаўлаўскай царквы 12 гадоў. Сёлета ў сакавіку на патрабаваньне парафіянаў быў прызначаны новы настаяцель — айцец Мікалай Каранчук, а Саўчук стаў другім сьвятаром.

Адсюль пачалося абвастрэньне і без таго няпростай сытуацыі ў ружанскай парафіі. Сьвятары не знайшлі паміж сабой згоды ды сталі адкрыта варагаваць, а ўцягнутыя ў канфлікт вернікі падзяліліся на два лягеры. Было так, што ў храме даходзіла ледзь не да боек.

У канцы траўня разьбірацца з сытуацыяй на месцы прыяжджаў сам япіскап уладыка Сафроні. Пасьля гэтага ў Берасьцейскай япархіі зьявіўся праект рашэньня, паводле якога і аднаго, і другога сьвятара павінны былі прызначыць у іншыя прыходы, а ў Ружаны прыслаць новага настаяцеля. Аднак гэтага не адбылося. Айца Мікалая Каранчука ня толькі вызвалілі ад пасады настаяцеля ружанскай царквы, але і зусім вывелі за штат берасьцейскай япархіі. А Мікалай Саўчук ізноў стаў настаяцелем.

Такі зыход справы ніяк не задавальняе многіх парафіянаў. Людзі абураныя тым, што за 12 гадоў настаяцельства айца Мікалая Саўчука з царквы зьнікла шмат старых абразоў і розных іншых прадметаў царкоўнага начыньня. У Берасьцейскай япархіі чамусьці гэты факт адмаўляюць.

Паводле сакратара япархіі айца Пятра Рамановіча, у ружанскай царкве ніколі нічога каштоўнага нават і не было. Але гэта дакладна ня так. Акт рэгістрацыі рухомых помнікаў культуры, складзены супрацоўнікамі Акадэміі Навук Беларусі ў 1981 годзе, сьведчыць, што на той час у Петрапаўлаўскай царкве мястэчка Ружана было 88 каштоўных абразоў і іншых царкоўных рэчаў. А ўжо ў 1997 годзе было афіцыйна зафіксавана, што з вышэйзгаданага сьпісу адсутнічае пяць абразоў і пяць іншых розных каштоўных прадметаў.

За апошнія гады царква яшчэ больш пабяднела. Распачатая летась Пружанскай раённай пракуратурай крымінальная справа на сёньня прыпыненая з-за немагчымасьці знайсьці вінаватага.

Ёсьць і шмат іншых прычынаў такога неўспрыняцьця ружанскімі вернікамі айца Мікалая Саўчука. Да прыкладу, некалькі гадоў таму проста ў памяшканьні пасялковага савету сьвятар абазваў пажылых жанчын-парафіянак рознымі брыдкімі словамі, за што тыя спагналі з Саўчука праз суд па 150 тысяч рублёў кожная.

Цяпер парафіяне трымаюць у сябе ключы ад царквы і не аддаюць іх ні айцу Мікалаю, ні берасьцейскаму япіскапу Сафронію.

У канфлікт ужо ўцягнутая і сьвецкая ўлада. Днямі разам з царкоўным кіраўніцтвам ў Ружану прыехаў намесьнік старшыні Пружанскага райвыканкаму Віктар Макарэвіч. Каля царквы адбыўся сапраўдны мітынг. Але прыйсьці да згоды варагуючыя бакі не змаглі, таму на царкву наклалі пячатку пасялковага савету.

Яшчэ да апячатваньня айцец Мікалай Саўчук спрабаваў зламаць замкі на дзьвярах храму, аднак зрабіць гэта яму не далі парафіяне. Цяпер яны і ўдзень, і ўначы па чарзе нясуць дзяжурства каля царквы і кажуць, што не аддадуць нікому ключоў, пакуль настаяцелем прыходу зноў ня будзе прызначаны айцец Мікалай Каранчук.
XS
SM
MD
LG