Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ АДКРЫЎСЯ АРЫШТНЫ ДОМ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Поўная ізалянавасьць арыштантаў ад зоны і грамадзтва — гэта лічаць за перавагу арыштнага дому кіраўнікі сыстэмы ўнутраных справаў, і за спробу барацьбы зь іншадумствам — праваабаронцы.

Да 2003 году асобныя арыштныя дамы павінны зьявіцца ва ўсіх абласных цэнтрах, але пакуль толькі ў бюджэце Магілёўскай вобласьці знайшліся неабходныя сродкі, каб, як сказаў на адкрыцьці арыштнага дому міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, “паклапаціцца пра цывілізаваную форму выпраўленьня для жыхароў рэгіёну”.

Уладзімер Навумаў казаў аб гуманізацыі сыстэмы пакараньняў у сувязі з увядзеньнем новай меры — арышту.

(Навумаў: ) “Калі раней па гэтым артыкуле давалі тры гады калёніі агульнага рэжыму, то цяпер — тры месяцы арыштнага дому. Лепш адседзець тры месяцы арышту і ня зьведаць звычаяў месцаў пазбаўленьня волі. Тут няма ўплыву крымінальнага сьвету, і гэта добра”, — гаварыў у Магілёве кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў.

Рэжым арыштнага дому прыраўнаны да турэмнага, камэрнага ўтрыманьня, і ён больш жорсткі, чым у калёніі. Органы ўнутраных справаў тлумачаць гэта прафіляктыкай, а праваабаронцы — актывізацыяй барацьбы зь іншадумствам. Забарона перапіскі, перадачаў, зносінаў са сваякамі — і, як вынік, неабароненасьць чалавека, ізаляванага ня толькі ад зоны, але і ад грамадзтва.

“Як правіла, арышт ужываецца да тых, чыя віна недаказаная альбо даказаная няпоўнасьцю, каб чалавек ня мог апраўдацца”, — так лічыць Уладзімер Краўчанка, кіраўнік Магілёўскага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту:

(Краўчанка: ) “Рэжым утрыманьня пад арыштам, галоўная прыкмета якога — пазбаўленьне сувязяў, часьцяком выкарыстоўваецца для таго, каб расправіцца з палітычным іншадумствам. Арышт, ізаляцыя як форма стрыманьня асабіста мне вельмі нагадвае 1937 год, калі людзей афіцыйна пазбаўлялі права перапіскі на 10 гадоў, а тым часам зь імі здараліся страшныя рэчы”.

Магілёўскі арыштны дом разьлічаны на 170 месцаў. Прыкладна столькі ж і асуджаных у рэгіёне на такую меру пакараньня, яны дагэтуль утрымліваліся ў сьледчых ізалятарах. Усяго па краіне арыштантаў каля тысячы, і суды шырока выкарыстоўваюць гэтую меру пакараньня. За год пад арышт трапляюць 3–4 тысячы грамадзянаў краіны.
XS
SM
MD
LG