Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ПАЧАЎСЯ ФЭСТЫВАЛЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ КУЛЬТУРАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Анатоль Кунаш прызнаўся, што фэст “падсьцёбвае ўлады прыхарошвацца”, аднак яны ўсё адно вечна не пасьпяваюць. І гэта пры тым, што значную частку грошай на падрыхтоўку гораду выбіваюць з прадпрыемстваў, — прызнаўся чыноўнік. Рамонт адной толькі вуліцы Замкавай каштаваў 60 мільёнаў рублёў.

Намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц прызнаўся, што Беларускае тэлебачаньне не адрэагавала на прапанову шырэй асьвятляць фэст у сваім эфіры. Замежных карэспандэнтаў у Горадню не запрашалі, заяўкі ад іх таксама не паступалі. Запрошаныя некаторыя замежныя дыпляматы — у прыватнасьці, ізраільскія, украінскія, расейскія. Але ці прыедуць яны, намесьнік міністра ня ведае.

Гарадзенскі фэст рэклямуецца як адзінае ў Эўропе сьвята прадстаўнікоў розных культураў і народаў. Аднак падобныя сьвяты адбыліся нядаўна — напрыклад, у Бэрліне і Варшаве. Асаблівасьцю цяперашняга гарадзенскага фэсту стаў удзел мастацкіх суполак афганскіх і грузінскіх уцекачоў, якімі апякуецца прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Мінулым разам падчас адкрыцьця фэстывалю з крытыкай уладаў выступіў тадышні старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін. Ён выказаў пратэст супраць таго, што яны не дазваляюць пабудаваць польскую школу ў Наваградку. Сёлета падобных заяваў не было. Аднак вось што мне сказаў Канстанцін Тарасевіч, старшыня галоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі:

(Тарасевіч: ) “Наконт пабудовы школы: мы ўважаем, што і ў Наваградку мусіць быць пабудаваная польская школа. Таму што ня толькі ў Наваградку, але і ў ваколіцах, у вёсках жыве значная колькасьць людзей польскага паходжаньня, і нядрэнна было ім вывучаць родную мову. А што тычыць школы ў Воранаве, мы ўважаем, што там беспадстаўна гамуецца гэтая справа. Таму што трэба і ўладам, і ўсім прыняць захады, каб прысьпешыць яе пабудову. Мы ўважаем, што там 97% ад агульнага насельніцтва складаюць палякі. Некаторыя кажуць, і афіцыйныя ўлады — 85%. Але гэта ўсё роўна такая лічба, на падставе якой трэба прымаць рашэньне. Нашы законы гэта дазваляюць і нават патрабуюць выкананьня гэтага. Але на жаль, розныя прычыны, і асабліва мясцовае кіраўніцтва, перашкаджаюць гэтаму”.
XS
SM
MD
LG