Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВІЦЕБСКІМ ГАЛОЎПАШТАМЦЕ АДЧЫНІЎСЯ МЭДЫЧНЫ СТАЦЫЯНАР


Браніслава Станкевіч, Віцебск

З аднаго боку, новы платны стацыянар можна лічыць альтэрнатывай бясплатнаму мэдычнаму абслугоўваньню ў перапоўненых дзённых стацыянарах віцебскіх паліклінік. З другага боку, гэткае кардынальнае пашырэньне сфэры платных паслугаў сьведчыць пра нездаровы стан самой віцебскай паштовай сыстэмы.

У Віцебску, як, напэўна, і паўсюль у Беларусі, людзі імкнуцца зэканоміць на падпісцы, ашчадна карыстаюцца тэлефонам, не купляюць дарагіх паштовак ды надзвычай рэдка дасылаюць адно аднаму пасылкі — у тым ліку і з-за высокіх паштовых збораў.

Таму дырэктар прадпрыемства “Віцебскаблпошта” Мікалай Смунёў вырашыў сумясьціць працу свайго прадпрыемства з больш прыбытковымі відамі дзейнасьці. У тым ліку — з платнай мэдыцынай. Так у памяшканьні галоўпаштамту зьявіўся платны дзённы стацыянар, усе супрацоўнікі якога (доктар, мэдсястра ды санітарка) залічаныя ў штат работнікаў сувязі.

Занадта дарагіх лекавых працэдураў тут пакуль не прапаноўваюць — ня робяць плястычных апэрацыяў, не ратуюць ад запою ды ня лечаць ананімна вэнэрычныя хваробы. Затое тут можна зрабіць недарагі масаж, правесьці курс ін’екцыяў, атрымаць мэдычную кансультацыю. Стацыянар разьлічаны на людзей невялікага дастатку — і ўсе шэсьць ложкаў тут звычайна занятыя. Адпаведна, “Віцебскаблпошта” атрымлівае невялікі, але прыбытак.

Зрэшты, мэдычны стацыянар — гэта ня першая спроба Мікалая Смунёва зрабіць уласнае прадпрыемства больш прыбытковым. Да прыкладу, колькі гадоў таму ён першы прапанаваў увесьці ў Віцебску паслугі маршрутнага таксі, і мікрааўтобусы з надпісам “Аблпошта” сталіся першымі гарадзкімі “маршруткамі”.

А вось у Браслаўскім раёне Мікалая Смунёва лічаць аматарам гужавога транспарту: там паштальёны развозяць пошту на калёсах, ды яшчэ гандлююць па вёсках таварамі штодзённага попыту, маючы з гэтага сваю надбаўку…

Тавары ня з крамнай, а з паштовай надбаўкай можна набыць сёньня і ў любым віцебскім паштовым аддзяленьні, прычым у продажы ёсьць усё — ад сшыткаў ды насовак да коўдраў і верхняга адзеньня. А разам з пэнсіямі паштальёны разносяць па кватэрах фасаваныя танныя цукеркі. Гэтая паслуга ў віцебскіх пэнсіянэраў вельмі папулярная: уважаючы гэта за знак асаблівае да іх павагі, пэнсіянэры дужа ахвотна купляюць тыя цукеркі, падтрымліваючы тым самым бліжэйшае паштовае аддзяленьне.
XS
SM
MD
LG