Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛАЦКУ ПРАЙШЛІ ЎРАЧЫСТАСЬЦІ З НАГОДЫ 900-Х УГОДКАЎ З ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ СЬВЯТОЙ ЭЎФРАСІНЬНІ ПОЛАЦКАЙ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Сярод ганаровых гасьцей быў і знакаміты мастак Мікола Кузьміч, які аднавіў выяву Жыватворнага Крыжа сьвятой Эўфрасіньні. Вось што ён паведаміў слухачам Радыё Свабода:

(Кузьміч: ) “Над Полацкам сёньня яснае неба, шмат гасьцей. Тут і паломнікі з Прыбалтыкі, і з Украіны, і з Расеі. Сёньня ў мяне, вобразна кажучы, адбылася сустрэча з Эўфрасіньняй Полацкай, з Лазарам Богшам і ягонай майстэрняй. Полацак, гэтае сьвятое месца, зьяўляецца крыніцай майго натхненьня. Хочацца пажадаць палачанам, гасьцям, усяму беларускаму народу стаць годнымі нашчадкамі нябеснай заступніцы нашай, чые ўгодкі мы сёньня адзначаем”.

Пасьля ўрачыстага набажэнства, якое доўжылася тры гадзіны, адбыўся хрэсны ход ад Сафійскіх муроў да муроў заснаванай сьвятой заступніцай Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра. Па дарозе яго ўдзельнікі ўсклалі цэлую гару кветак да помніка сьвятой Эўфрасіньні. Народу ішло столькі, што манастырскі цьвінтар зь цяжкасьцю зьмясьціў усіх жадаючых прыпасьці да мошчаў сьвятой, якія, з нагоды сьвята, вынесьлі зь месца іх адвечнага спачыну — царквы Сьвятога Спаса.

Ну кульмінацыяй сьвята стаўся выступ перад народам мітрапаліта Менскага ды Слуцкага Філарэта. Стоячы на ганку Спасаўскай царквы, мітрапаліт паведаміў, што гэтым сьвятым днём яму згадаўся іншы дзень — дзень, калі прэзыдэнт і патрыярх былі ў гэтым манастыры. Падчас сваёй прамовы мітрапаліт неаднаразова згадваў Лукашэнку.

На сьвяце прысутнічала шмат чыноўнікаў, два зь іх — кіраўнікі абласной ды гарадзкой вэртыкалі Ўладзімер Андрэйчанка ды Ўладзімер Тачыла тут жа, на царкоўным ганку, былі ганараваныя ордэнам Сьвятой Эўфрасіньні.

У якасьці постскрыптуму заўважым, што цягам усёй урачыстасьці з вуснаў як праваслаўных дастойнікаў, так і кіраўнікоў вэртыкалі не прагучала ніводнага беларускага слова.
XS
SM
MD
LG