Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЁВЕ СУД ДАЎ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ ДВУМ ПРАДСТАЎНІКАМ БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ СВАБОДЫ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Падставай для абвінавачаньня Ўладзімера Бірукова і Юрыя Васіленкі сталі бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнымі стужкамі, якія яны 26 красавіка трымалі ў руках. Міліцыянты зьнялі на відэакамэру Ўладзімера Бірукова са сьцягам у руках яшчэ падчас гадзіны смутку. А затрымалі іх абодвух позна ўвечары, калі Юры Васіленка нёс дахаты разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.

У міліцэйскім аддзяленьні іх абвінавацілі ў парушэньні Закону аб сходах, мітынгах і шэсьцях і прымусілі падпісаць пратаколы. Як потым высьветлілася, пратакол склалі няправільна. На судзе юнакі даказвалі, што гадзіна смутку па ахвярах Чарнобылю ня можа быць несанкцыянаваным шэсьцем, і тым больш яны не былі ягонымі арганізатарамі.

Як вядома, міліцыянты так і не змаглі знайсьці арганізатараў гэтай жалобнай акцыі. Актывіст аб’яднаньня “Вясна” Барыс Бухель, спасылаючыся на міліцэйскі пратакол, назваў затрыманьне юнакоў незаконным. Пасьля таго як стала вядома, што ў паперах не ўзгадалі час затрыманьня, сутнасьць меркаванага правапарушэньня й іншыя моманты.

Судзьдзя задаволіла хадайніцтва спадара Бухеля. Міліцыянтам вярнулі пратакол для выпраўленьня. Юнакі былі ўпэўненыя, што іх апраўдаюць. Аднак нягледзячы на заўвагі, якія атрымалі міліцыянты, маладзёнам вынесьлі папярэджаньне за тое, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Вось як пракамэнтаваў вынікі судовага рашэньня грамадзкі абаронца адказчыкаў, прадстаўнік аб’яднаньня “Вясна” Барыс Бухель:

(Бухель: ) “Гэтае судовае паседжаньне выявіла нізкі прафэсійны ўзровень супрацоўнікаў міліцыі, што фактычна пацьвердзіла тая ж судзьдзя Сарока. Пратакол, які выпраўлялі міліцыянты, на мой погляд, быў складзены недакладна. Але судзьдзя адхіліла маё новае хадайніцтва аб адпраўцы на новае выпраўленьне. Таму я лічу судовы вырак несправядлівым. Тым больш, што ў міліцэйскім аддзяленьні парушаліся правы юнакоў. Ім не растлумачылі іхныя правы, шантажавалі й запалохвалі, у выніку чаго юнакі падпісалі самаагавор. Той жа Васіленка ў судзе адмовіўся ад сваіх паказаньняў”.
XS
SM
MD
LG