Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯЛІКАЕ ПЕРАСЯЛЕНЬНЕ ЧЫНОЎНІКАЎ ЗА КОШТ ПАДАТКАПЛАТНІКАЎ АДБЫВАЕЦЦА Ў МАГІЛЁВЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Вялікае перасяленьне магілёўскіх чыноўнікаў адбываецца з ініцыятывы новага старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Віктара Шорыкава. Стала традыцыяй, што кожны новы кіраўнік абласнога цэнтру пачынае зь перасяленьняў і перасоўваньняў — звычайна ў сфэры гандлю.

Віктар Шорыкаў пачаў сваю дзейнасьць маштабна: зачысьціў цэнтар Магілёва ад прыватнага гандлю, зьліквідаваў рынкі й вырашыў перасяліць чыноўнікаў у лепшы будынак. Абласная ўлада гэтае рашэньне падтрымала. У выніку мноства службаў і структураў памяняюцца месцамі й зоймуць новыя будынкі ды кабінэты.

У былым абкаме партыі, які да нядаўняга часу зваўся Домам юстыцыі, месьціліся абласны й гаспадарчы суды, упраўленьне юстыцыі, пракуратура па нагляду за выкананьнем пакараньняў, кантрольна-рэвізійнае ўпраўленьне Мінфіну, абкамы БСМ і БПСМ, абласны дзяржаўны архіў грамадзкіх аб’яднаньняў і арганізацыяў.

Асаблівыя праблемы — зь перасяленьнем апошняй структуры. Паводле папярэдніх падлікаў, на гэта спатрэбіцца каля мільярду рублёў. Трэба акуратна перавезьці і належным чынам уладкаваць на новым месцы 300 тысяч адзінак захоўваньня.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура на сваёй прэсавай канфэрэнцыі вымушаны быў заявіць, што пераезд ня будзе каштаваць нічога, акрамя некаторых выдаткаў на транспарт і паліва.

Але ўсе ведаюць, што пераезд — гэта ня толькі карпатлівая справа, але і дарагая. Паводле інфармацыі з дасведчаных крыніцаў стала, напрыклад, вядома, што толькі на першы касмэтычны рамонт у выніку перасяленьня чыноўнікаў пайшоў запыт на 200 мільёнаў рублёў.

Чыноўнікі няспынна распавядаюць магілёўцам пра цяжкасьці з напаўненьнем бюджэту і зь фінансаваннем сацыяльнай сфэры, таму і ня дзіўна, што жыхары гораду нэгатыўна ставяцца да вялікіх перасяленьняў за іх кошт. Няўжо гарадзкім чыноўнікам было цесна і няўтульна ў Доме саветаў, у кабінэтах са сьвежым рамонтам? — пытаюцца людзі.

Таму пераезд, які доўжыцца ўжо тыдзень, робіцца ціха. Жаўнеры цягаюць мэблю і рэчы праз чорныя ўваходы. Начальнікі ня хочуць лішні раз нэрваваць выбарцаў.
XS
SM
MD
LG