Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ПРАВЯЛІ АДНАДЗЁННЫ СТРАЙК ПРАЦАЎНІКІ ПРАДПРЫЕМСТВА “МЭДЫК”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Раніцай каля канторы “Мэдыка” на вуліцы Сацыялістычнай у Горадні сабралася каля ста чалавек. Да іх выйшаў кіраўнік прадпрыемства Шымановіч. Рабочыя даводзілі, што хочуць працаваць, але каб за сваю працу абавязкова атрымліваць своечасова грошы.

Месяц таму яны страйкавалі некалькі дзён і дамагліся, каб ім выплацілі грошы за першы квартал году. За красавік начальства паабяцала сёньня заплаціць па 80 тысяч рублёў — аднак ня ўсім. Дый грошай пакуль няма.

Са сваімі праблемамі працаўнікі “Мэдыка” зьвярталіся да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Намесьнік начальніка цэху Аляксандар Лыч гаворыць аб гэтай размове:

(Лыч: ) “Ён сказаў, што мы будзем шукаць шляхоў, каб захаваць вашае прадпрыемства. Мы былі 6 траўня. Ён сказаў: пасьля 9-га я асабіста займуся вашым пытаньнем, вазьму на кантроль, і нейкае рашэньне павінна быць. Сёньня вось ужо 31-га. Пакуль заробак зноўку з боем выбіваем”.

Ня выключана, што прадпрыемства могуць расфармаваць. Пасьля красавіцкага страйку адсюль звольніліся галоўны бугальтар з намесьнікам, звальняюцца рабочыя.

Удзельнікі сёньняшняга страйку ня ўпэўненыя, ці будуць працягваць яго пасьля выходных. Яны гавораць, што ім надакучыла кожнага разу ваяваць за свае заробкі. Але яны робяць гэта, бо на іншых прадпрыемствах людзі маўчаць і пакорліва чакаюць сваіх грошай.

Сёньня працаўнікі “Мэдыка” заявілі, што наступным разам могуць вылучыць і палітычныя патрабаваньні. На гэта прадстаўнік аблвыканкаму адказаў: тады да вас прышлюць АМОН. А кіраўнік прадпрыемства закончыў размову прапановай: “Усё, таварышы, разыходзьцеся. Чакайце грошай”.
XS
SM
MD
LG