Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ПРАЙШЛА НАРАДА ПЭДАГОГАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

З 1 верасьня больш як 700 школаў рэгіёну павінны працаваць у рэжыме 5-дзённага навучальнага тыдня. На шосты дзень школьнікі з бацькамі будуць вызначаць самі, чым заняцца — спортам, музыкай, танцамі, паглыбленым вывучэньнем асобных прадметаў ці наагул хатнімі справамі.

Такім чынам Міністэрства адукацыі думае разгрузіць школьнікаў і паспрыяць захаваньню іхнага здароўя.

Аднак у суботу школы павінны прапанаваць дзецям разнастайныя заняткі з улікам іх схільнасьцяў і інтарэсаў. Гэта разглядаецца як аказаньне дадатковых паслуг, і бацькі вымушаны будуць аплачваць іх.

Загадчыца аддзелу адукацыі Гомельскага райвыканкаму Тамара Прымак зьвярнула ўвагу калегаў на тое, што сельскія школы ў адрозьненьне ад гарадзкіх ня ў стане прапанаваць дзецям шырокае кола паслугаў у вольны дзень. Намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарына не пагаджаецца з гэтым:

(Фарына: ) “У кожнай школе — стадыён, спартовая заля, бібліятэка, музычная школа ды іншае. Бярыце, арганізоўвайце заняткі. Тут праблема ня ў дзецях, не ў матэрыяльнай базе. Праблема — у настаўніку. Настаўнік павінен спрацаваць якасна, каб да яго прыйшлі дзеці. Калі настаўнік ад Бога, значыць, усё будзе нармалёва”.

У дадатковых занятках і рэпэтытарстве ініцыятары рэформаў бачаць і падвышэньне ўзроўню заробку настаўнікаў, бо зараз ён невялікі з-за недастатковага фінансаваньня ўсёй сыстэмы адукацыі. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што навіны ў школах закрануць і непасрэдна настаўнікаў.

Паводле словаў начальніка абласнога ўпраўленьня адукацыі Андрэя Лук’яновіча, зьмяншэньне навучальнай нагрузкі вымагае скарачэньня ў рэгіёне прыкладна 206 пэдагогаў, найперш — пачатковых клясаў, а таксама настаўнікаў працы, беларускай і расейскай моваў, некаторых іншых спэцыяльнасьцяў. Апроч таго, дэфіцыт фінансаваньня вымагае скарачэньня амаль паўтысячы штатных адзінак зь ліку намесьнікаў дырэктараў школаў, загадчыкаў фільматэкаў, некаторых гаспадарчых працаўнікоў, інспэктараў аддзелаў кадраў.

Асобныя пэдагогі выказвалі трывогу, што школьныя праграмы цяпер не заўсёды адпавядаюць патрабаваньням да аб’ёму ведаў пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Не стасуюцца многія школьныя матэрыялы і з прапанаванай 10-бальнай ацэнкаў ведаў. Настаўнікі баяцца, што яны могуць стаць закладнікамі гэтай сыстэмы.
XS
SM
MD
LG