Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ” МІКОЛА МАРКЕВІЧ ПАДАЎ ХАДАЙНІЦТВА СУДЗЬДЗІ ТАЦЯНЕ КЛІМАВАЙ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Наступнае паседжаньне ў справе журналістаў “Пагоні” Маркевіча і Мажэйкі павінна адбыцца 4 чэрвеня. Хадайніцтва спадара Маркевіча выкліканае пачаткам працэсу, які адбыўся 16 траўня. З тых, хто тады прыйшоў на суд, толькі невялікая частка здолела трапіць у залю.

У хадайніцтве гаворыцца: “На вялікі жаль, непрадуманая арганізацыя працэсу прывяла да таго, што ў залю судовага паседжаньня ня здолелі трапіць прадстаўнікі дыпляматычных установаў Злучаных Штатаў Амэрыкі, Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Польшчы”.

Далей зазначаецца, што “ня здолелі трапіць за дзьверы судовай залі дзясяткі журналістаў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў… і дзясяткі жыхароў Горадні”.

Наступным разам у суд прыйдзе ня менш за 300 чалавек, лічыць Мікола Маркевіч. Таму ён просіць судзьдзю Тацяну Клімаву стварыць магчымасьці, каб усе яны маглі прысутнічаць на працэсе. Гэта трэба, каб забясьпечыць сапраўдную адкрытасьць і публічнасьць падчас разбору крымінальнай справы аб паклёпе на прэзыдэнта.

Маркевіч гаворыць: калі ў судзе няма дастакова вялікай залі, такія залі ёсьць у горадзе. А калі ў суд не дапускаюцца ўсе ахвотныя — значыцца, суду ёсьць што хаваць.
XS
SM
MD
LG