Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІКІ МАГІЛЁЎСКАЙ ФІЛІІ АГП СУСТРЭЛІСЯ СА СТАРШЫНЯМІ АБЛСАВЕТУ І ГАРСАВЕТУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Пакуль што апазыцыянэры на сустрэчах са старшынём абласнога савету Мікалаем Жуком і старшынём Магілёўскага гарадзкога савету Валерыем Сьвістуновым вялі размову пра пэрспэктывы ўдасканальваньня мясцовага самакіраваньня.

Актывісты АГП, якія маюць намер удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы, закранулі і тэму выбараў. Пакуль што яны атрымалі вусныя абяцаньні ўладаў не перашкаджаць ім падчас выбараў. Аднак старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў упэўнены, што сустрэчы апазыцыі з уладамі трэба працягваць.

(Шанцаў: ) “Трэба спадзявацца на тое, што ўлада ўсё ж зразумее, што апазыцыя — гэта частка грамадзтва. Уладзе трэба ўлічваць розныя думкі ў грамадзтве падчас прыняцьця рашэньняў”.

Тым часам кіраўнікі магілёўскай вэртыкалі, якія маюць рэальную ўладу, не жадаюць ісьці на кантакт з апазыцыянэрамі. Тыя змаглі сустрэцца толькі з начальнікамі ўпраўленьняў інфармацыі аблвыканкаму і гарвыканкаму.

Але ж актывісты партыі спадзяюцца на лепшае. У іхных плянах — арганізацыя круглага стала. Яны лічаць, што супрацоўніцтву ў галіне мясцовага самакіраваньня паспрыяе праект філіі Фонду імя Сапегі, якую ўзначальвае той жа спадар Шанцаў. Паводле праекту, старшыні раённых саветаў будуць наведваць замежныя краіны і пераймаць эўрапейскі вопыт мясцовага самакіраваньня.

Старшыняў Глускага і Чэрыкаўскага райсаветаў Мікалая Шаўчэнку і Аляксандра Вітошкіна ўжо запрасілі на фэстываль гмінаў, які адбудзецца ў Польшчы 23 траўня. Як паведамілі ініцыятары перамоваў, сустрэчы будуць працягвацца.
XS
SM
MD
LG