Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯГО 75 ВІЦЕБСКІХ ШКОЛЬНІКАЎ НАВУЧАЛІСЯ СЁЛЕТА ПА-БЕЛАРУСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Можна згадаць, што да рэфэрэндуму 1995 году ў беларускіх клясах навучаліся амаль 4 тысячы віцебскіх школьнікаў. А сёньня беларускія клясы захаваліся толькі ў трох віцебскіх школах. Прычым адна зь іх, чацьвертая кляса з 16 вучняў у сярэдняй школе №40, з наступнага году можа быць расфармаваная, бо такая маленькая кляса не падзеліцца на групы дзеля выкладаньня замежнае мовы, што напэўна не спадабаецца бацькам. Дый ахвотных настаўнікаў, якія выкладалі б свой прадмет па-беларуску, тут зусім няшмат.

Зрэшты, у Віцебску ёсьць нават нацыянальная гімназія, дзе пры паступленьні ў пятую клясу летась быў конкурс ажно тры чалавекі на месца. Але вабіць сюды дзяцей ды іхных бацькоў зусім не беларушчына, а параўнальна высокі ўзровень выкладаньня іншых прадметаў. Па-беларуску тут выкладаюцца толькі гісторыя ды геаграфія Беларусі, родная мова і літаратура, сусьветная гісторыя. Але й супраць гэтага нярэдка выступаюць незадаволеныя бацькі, якія прыводзяць дзяцей адмыслова ў Віцебскую нацыянальную гімназію №1.

Чаму беларускамоўнае навучаньне ў Віцебску сталася беспэрспэктыўным? На гэтае маё пытаньне адказвае старшыня гарадзкое Рады Таварыства беларускае мовы Валянцін Арлоў:

(Арлоў: ) “Для гэтага патрэбная, як кажуць палітыкі, “палітычная воля ўладаў”, якой пакуль што не праглядаецца. На маё меркаваньне, на меркаваньне людзей, зь якімі я сустракаюся і якім не абыякавая беларуская мова, цяпер першыя крокі мусілі б быць такія: па-першае, трэба было не зьнішчаць іспыт па беларускай літаратуры, а аднавіць, як і было калісьці, — каб усе навучэнцы, якія паступаюць у ВНУ, здавалі б іспыт па беларускай мове. І па-другое, абавязкова мусіць быць беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, дзе б усе прадметы выкладаліся на беларускай мове”.

Але цяпер у Віцебску ёсьць толькі адна навучальная ўстанова, дзе вітаецца веданьне беларускае мовы — гэта Пэдагагічны ўнівэрсытэт. Толькі прафэсія настаўніка для сёньняшняга выпускніка сярэдняй школы ёсьць далёка ня самай прэстыжнай ды жаданай.
XS
SM
MD
LG