Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСЬЛЯ ВІЗЫТУ ЛУКАШЭНКІ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ НЕ СТАЕ ГРОШАЙ НА РАМОНТ ДАХАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Як стала вядома, толькі на ўпарадкаваньне дзіцячага сацыяльнага прытулку ў вёсцы Отар, дзе пабываў кіраўнік дзяржавы, пайшло 30 мільёнаў рублёў. Шмат сродкаў далі на рамонт асфальту, фарбоўку фасадаў дамоў, а таксама на ўсталяваньне новых платоў у вёсцы Перадавік і райцэнтры — усё па маршруце высокага госьця.

Чачэрскія пэнсіянэры, якім і пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі своечасова не выплачваюць пэнсіі, мяркуюць, што затрымкі зьвязаныя з грашовымі выдаткамі на падрыхтоўку да прыезду кіраўніка дзяржавы.

Раённыя чыноўнікі празь мясцовую газэту “Чачэрскі весьнік” вымушаныя былі абвяргаць чуткі й тлумачыць, што на сустрэчу скарыстаныя грошы рэзэрвавага фонду аблвыканкаму і абласнога бюджэту, а таксама раённага камунальна-жытловага прадпрыемства “Чачэрскае”.

Дырэктар гэтага прадпрыемства Юры Блохаў сёньня паскардзіўся:

(Блохаў: ) “Цяпер мне тэрмінова трэба зрабіць рамонт двух дамоў — №4 па вуліцы Новай і №3 у завулку Дзяржынскага. Людзі ўжо неаднаразова прасілі. Мы раней спрабавалі там латаць дах, але безвынікова. Патрэбны капітальны рамонт. Тым ня менш, грошай на гэта яшчэ ні капейкі не далі, таму да работы не прыступілі”.

З пачатку году на рамонт дахаў прыйшло яшчэ 10 заяваў ад жыхароў райцэнтру. Аднак нічога суцяшальнага камунальна-жытловае прадпрыемства ім адказаць ня можа, бо няма грошай.

Пакуль ня зрушылася зь месца і будаўніцтва станцыіі абезжалезваньня вады. Будуецца яна ўжо сем гадоў. Каб чачаране змаглі спажываць якасную пітную ваду, на заканчэньне будаўніцтва станцыі неабходны яшчэ 1 мільярд 250 мільёнаў рублёў.

Аляксандар Лукашэнка, калі быў у Чачэрску, паабяцаў фінансавую падтрымку даўгабуду за кошт бюджэтных грошай на зьмяншэньне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Але калі яны паступяць у райцэнтар, ніхто ня ведае, бо кіраўнік дзяржавы абяцаў і новую тэлефонную станцыю, і хуткую газыфікацыю прыватнага жыльлёвага сэктару.
XS
SM
MD
LG