Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ АДБЫЎСЯ КРУГЛЫ СТОЛ, НА ЯКІМ АБМЯРКОЎВАЛІ АКЦЫЯВАНЬНЕ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ МЯСЦОВАЙ НАФТАХІМІІ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Вось што сказаў з гэтай нагоды адзін зь яго арганізатараў, старшыня БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Гэта першы выязны круглы стол пасьля сэрыі круглых сталоў, праведзеных у Менску і прысьвечаных самым актуальным пытаньням эканамічнага становішча краіны. Наваполацак у гэтым сэнсе — выпрабавальны палігон. Тут разьмяшчаюцца найбуйнейшыя стратэгічна значныя прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу, вакол іх завязаны тугі вузел сацыяльных праблемаў; фактычна, ад іх залежыць лёс цэлага гораду. Вось чаму важна было, каб размова адбылася пры ўдзеле прадстаўнікоў прафсаюзаў, навукоўцаў, бізнэсоўцаў, прадстаўнікоў мясцовых уладаў. І вельмі шкада, што прадстаўнікі якраз мясцовых уладаў і не прыйшлі на гэтую вельмі прафэсійную размову”.

Прафэсар Барыс Жэліба, які першым узяў слова, заявіў, што акцыяваньне буйных прадпрыемстваў кепска ўпісваецца ў сёньняшнюю камандна-адміністрацыйную сыстэму кіраваньня, але ўлады, з прычыны незайздроснага стану эканомікі, вымушаныя на яго ісьці. Прафэсар пры гэтым вызначыў некалькі актуальных пытаньняў, на якія ўлады не даюць адказу: ці будуць “Нафтан” і “Палімір” выстаўляцца на адкрыты конкурс? — чаму пры вызначэньні магчымых інвэстараў не ідзе гаворка пра беларускі бізнэс? — і чаму на акцыянаваных прадпрыемствах няма адпаведных бізнэс-плянаў, якія б вызначалі, на якія канкрэтна мэты пойдуць грошы інвэстара, як зьменіцца кан’юнктура вытворчасьці й колькі будзе звольнена “лішніх” людзей?

Палітоляг Міхал Залескі ў сваю чаргу сфармуляваў яшчэ адно, ня менш актуальнае пытаньне: як будуць складвацца дачыненьні паміж акцыянэрамі й мясцовай уладай і ці будзе што атрымліваць мясцовы бюджэт? Пра гэтым спадар Залескі згадаў Маскву, куды пасьля разьдзяржаўленьня расейскіх прадпрыемстваў скіраваліся асноўныя фінансавыя плыні, а тыя ж уральскія і сыбірскія гарады нічога не атрымалі.

Загадчык катэдры эканамічнай тэорыі Полацкага дзяржунівэрсытэту Мікалай Суханаў казаў пра ролю прафсаюзаў у працэсе акцыянаваньня, заўважыўшы, што прынцыпы аўтарытарнага кіраваньня краінай экстрапалююцца і на сфэру вытворчасьці, калі рабочым на ўсе іхныя пытаньні, адміністрацыя адказвае: “Працуйце, усё вырашым бяз вас”.

Ну і, нарэшце, сябар Незалежнага прафсаюзу ВА “Палімір” Уладзімер Кунцэвіч гаварыў пра тэндэнцыю замоўчваньня самаго працэсу акцыяваньня. Бо ад нядаўняй пары ўсялякія размовы на гэты конт спыненыя і тэма гэтая зьнікла нават са старонак мясцовага друку.
XS
SM
MD
LG