Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКІ ПОЛАЧЧЫНЫ ЎСТУРБАВАНЫЯ СКАРАЧЭНЬНЯМІ І КАНТРОЛЕМ НАД ПРАФСАЮЗАМІ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Яшчэ летась увосень калектывы двух полацкіх школаў, незадаволеныя тым, як прафсаюз абараняе іхныя правы, выступілі зь ініцыятывай правядзеньня такой канфэрэнцыі. І вось нечакана надарылася нагода яе правесьці, бо старшыня гаркаму прафсаюзу Анатоль Нікіценка падаў заяву пра сыход з пасады. Аднак, замест таго, каб сабраць прадстаўнічы настаўніцкі форум і абраць на ім новае кіраўніцтва, гаркам 19 красавіка правёў пленум, на якім і быў абраны новы старшыня камітэту прафсаюзаў. Арганізацыю ачоліла мэтадыстка гарадзкога аддзелу адукацыі Марына Рубашэнка. Пры гэтым, паводле сьведчаньня старшыні прафсаюзнай арганізацыі 10-й полацкай школы Аркадзя Кругляка, былі парушаныя працэдуры абраньня і статут прафсаюзу. У прыватнасьці, на дзень абраньня Марына Рубашэнка не зьяўлялася сябрам гаркаму і таму магла быць абраная толькі прафсаюзнай канфэрэнцыяй. Зьвяртае на сябе ўвагу і тое, што спадарыня Рубашэнка працуе на поўную стаўку ў сыстэме аддзела адукацыі, і настаўнікі сумняюцца ў тым, што яна будзе годна адстойваць іхныя інтарэсы.

У такой сытуацыі прадстаўнікі пэдкалектываў сабраліся на мінулым тыдні ў памяшканьні 10-й школы на адкрыты прафсаюзны сход, аднак нечакана туды завітаў загадчык гарадзкога аддзелу адукацыі спадар Сабаленка і папрасіў прадстаўнікоў усіх школ, за выключэньнем 10-й, пакінуць памяшканьне...

Вось што сказаў у зьвязку з тым старшыня прафкаму 10-й школы Аркадзь Кругляк:

(Кругляк: ) «У нас яшчэ застаецца надзея, што Тамара Іосіфаўна Чобатава -- старшыня галіновага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, -- пасадзейнічае ў правядзеньні гарадзкой пазачарговай справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі з шырокім прадстаўніцтвам дэлегатаў, з абмеркаваньнем кандыдатур і абраньнем старшыні гаркаму прафсаюзаў на альтэрнатыўнай аснове. Іначай у нас проста не застаецца выбару і з дадзенага прафсаюзу пачнецца масавы сыход».

Па сьведчаньні спадара Кругляка, незалежна ад таго, якім будзе вынік сустрэчы пэдкалектыву з загадчыкам аддзелу адукацыі, настаўнікі будуць дамагацца правядзеньня канфэрэнцыі. І да той пары, пакуль яна ня будзе скліканая, плянуюць адмовіцца ад уплаты прафсаюзных складак.

XS
SM
MD
LG