Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ПОЛАЧЧЫНЕ АДЗІНАЙ ВУЛІЧНАЙ АКЦЫЯЙ СТАЎ НЕШМАТЛЮДНЫ МІТЫНГ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Зьвяртаючыся да прысутных, першы сакратар гаркаму ПКБ Аляксандар Баюноў выказаў сваё задавальненьне з нагоды правядзеньня сёлетніх «Дажынак» у Полацку і, адпаведна, з нагоды пачатку рамонту моста праз Палату, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Па сьведчаньні прамоўцы, у палачанаў была спадзеўка, што да славутых «Дажынак» горад забясьпечаць таксама артэзіянскай вадой, адрамантуюць каналізацыйныя сеткі, наладзяць рамонт гарадзкой бальніцы, якая развальваецца на вачах. Аднак, замест гэтага, улады перш-наперш узяліся рамантаваць будынак гарвыканкаму, масьціць цэнтар гораду дарагой пліткай і аздабляць мармурам банкаўскія офісы.

Гэтым разам на камуністычным мітынгу не гучала інтэграцыйнай рыторыкі. Больш таго, выступоўцы казалі пра неабходнасьць узаемаразьлікаў з Расеяй па міжнародных тарыфах, а расейскія алігархі былі названыя рабаўнікамі, якія пнуцца захапіць найбольш прыбытковыя галіны беларускай эканомікі. Наагул, мітынговыя прамовы нагадвалі народафронтаўскія мітынгі дзесяцігадовай даўніны. Адно што ўдзельнікі гэтага мітынгу рашуча выступілі супраць ратыфікацыі дамовы зь Нямеччынай наконт дагляду вайсковых пахаваньняў. З тае нагоды нават распаўсюджваліся адпаведныя ўлёткі.

Заўважым, што прадстаўнікі ўлады на мітынгу не прысутнічалі, калі не лічыць двух чалавек у цывільным, якія дэманстратыўна перапісалі тэксты плякатаў, якія трымалі мітынгоўцы.
XS
SM
MD
LG