Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯРХОЎНЫ СУД БЕЛАРУСI ПАЦЬВЕРДЗІЎ РАШЭНЬНЕ ПРА ЗАКРЫЦЬЦЁ “ВЕЖЫ”


Алег Супрунюк, Берасьце

Як паведамiў адвакат Сяргей Сьмiрноў, якi прадстаўляе на судовых паседжаньнях Цэнтар "Вежа", калегiя Вярхоўнага суду цалкам падтрымала рашэньне Берасьцейскага абласнога суду. Паводле гэтага рашэньня, Цэнтар "Вежа" зьлiквiдаваны за тое, што нiбыта парушыў уласны статут.

Iнiцыятыва па лiквiдацыi Цэнтру належыць упраўленьню юстыцыi Берасьцейскага аблвыканкаму. Супрацоўнiкi гэтай ўстановы не хавалi, што iх непакоiла актыўная дзейнасьць "Вежы" падчас прэзыдэнцкай кампанii. Таму адразу пасьля выбараў гэтае грамадзкае аб'яднаньне атрымала два папярэджаньнi запар. Яны i зьявiлiся фармальнай падставай для закрыцьця арганiзацыi.

Адвакат Сяргей Сьмiрноў лiчыць, што гэты судовы працэс ёсьць сьведчаньнем перасьледу арганiзацыяў, што прадстаўляюць "трэцi cэктар", i дэманструе, як мясцовыя ўлады ставяцца да розных грамадзкiх аб'яднаньняў.

(Сьмiрноў: ) "Выбарачны падыход упраўленьня юстыцыi да грамадзкiх арганiзацыяў. На тыя фармальныя парушэньнi закону, якiя ёсьць у дзейнасьцi любой арганiзацыi — бо хто не працуе, той не памыляецца — яны зьвяртаюць увагу, а значна больш грубыя — не заўважаюць. Чаму так адбываецца — гэта рытарычнае пытаньне, i я не пачуў на яго адказу. Падчас судовага паседжаньня гэтага не прагучала".

Спадар Сьмiрноў таксама паведамiў, што Цэнтар "Вежа" рыхтуе скаргу на iмя старшынi Вярхоўнага суду. Калi гэта не прынясе станоўчы вынiк, кiраўнiцтва самай уплывовай грамадзкай арганiзацыi Берасьцейшчыны мае намер накiраваць матэрыялы судовай справы ў Камiтэт правоў чалавека Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.
XS
SM
MD
LG