Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ Ў ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Жалобнае шэсьце ў Віцебску распачалося а 17-й гадзіне. Тутэйшыя сябры Аб'яднанай Грамадзянскай партыі вырашылі такім чынам ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю разам са сваімі землякамі-віцяблянамі. Шэсьце памяці ў дзень 26 красавіка, паводле іхных меркаваньняў, не патрабуе дазволу гарадзкіх уладаў.

Удзельнікаў шэсьця сабралася каля двух дзясяткаў. Калёна рухалася па тратуары пад бел-чырвон-белым сьцягам ды сьцягамі АГП з чорнымі стужкамі. Наперадзе два хлопцы несьлі жалобны звон. Усім сустрэтым людзям удзельнікі шэсьця раздавалі ўлёткі са словамі “Аб'яднаная Грамадзянская партыя хоча прадухіліць палітычны Чарнобыль”.

Апошнім пунктам жалобнага маршруту сталася плошча Леніна. Тут у блізкім сквэры сябры Маладога Фронту разгарнулі пікет, прысьвечаны ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі. Да іх далучыліся таксама віцебскія сябры БНФ “Адраджэньне”. Апроч бел-чырвон-белых сьцягоў ды плякатаў у руках пікетоўцаў быў яшчэ вялікі сымбалічны вянок – вянок сапраўдных палявых кветак, перавіты жалобнай стужкай з надпісам “Стронцый, цэзій, уран, плутоній”.

А на самой плошчы Леніна а 18-й распачаўся мітынг, падрыхтаваны супольна віцебскімі недзяржаўнымі арганізацыямі ды палітычнымі партыямі. Але большасьць выступоўцаў складалі не яны, а шараговыя жыхары Віцебску, якія мелі няшчасьце асабіста спрычыніцца да падзеяў у Чарнобылі.

Да слова, цяпер на Віцебшчыне жыве прыкладна 20 тысяч ліквідатараў аварыі, перасяленцаў з Чарнобыльскае зоны ды іхных дзяцей. Тым ня менш, гарадзкія ўлады сёлета не адзначылі ўгодкі Чарнобыльскае трагедыі аніякім чынам – хіба што ў дзяржаўных газэтах зьявілася па адным “дзяжурным” артыкуле.

Пасьля мітынгу ўдзельнікі вырашылі працягнуць жалобнае шэсьце ды скіравацца ізноў па вуліцы Леніна са сьцягамі ды ўлёткамі. Але да міліцыянтаў – ахоўнікаў мітынгу пад'ехала чорная “Волга”, зь якой нехта аддаў загад забараніць шэсьце. Міліцыянты перагарадзілі калёне шлях ды прымусілі згарнуць сьцягі. Вакол іх хутка сабраўся натоўп незадаволеных віцяблянаў, якія адкрыта казаліся, што і ў 1986 годзе, і цяпер дзяржаўныя ўлады больш за ўсё баяцца таго, што народ будзе ведаць праўду і сьмела адстойваць яе.
XS
SM
MD
LG