Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ ГОМЕЛЬШЧЫНУ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Чачэрская “вэртыкаль” надзвычай старанна рыхтавалася да прыезду Лукашэнкі. Гэта заўважылі нават шараговыя гараджане. Распавядае вэтэран вайны, чачаранін Іван Канцавенка:

(Канцавенка: ) “Божа мой, як рыхтаваліся. Мабыць, увесь бюджэт раёну загналі на гэтую тэрыторыю. Зараз заробку і пэнсіі ня будзе тры месяцы”.

У людзей рознага ўзросту я пацікавіўся, што зьменіцца ў іхным жыцьці пасля наведваньня раёну кіраўніком дзяржавы? Адказы былі такія:

(Спадар: ) “Што было, тое і будзе. Ён пабудзе тут і паедзе”.

(Другі спадар: ) “Сёньня чысьценька, культурна, а зьедзе — тое ж самае будзе”.

Сам Лукашэнка распавёў гараджанам, што ён прыняў у свой час непапулярнае рашэньне: забараніў высяляць людзей з забруджанага раёну.

(Лукашэнка: ) “І тады я прыняў непапулярнае рашэньне. Я нават баяўся, ці вы мяне зразумееце. Я забараніў давіць людзей”.

Чачаранам Лукашэнка абяцаў, што будзе ўзводзіць для іх станцыю абезжалезьваньня вады, усяляк паляпшаць дабрабыт і нават будаваць сучасную тэлефонную станцыю, каб напачатку моладзь, а пасьля і сталыя людзі мелі сотавыя тэлефоны. Вось што кіраўнік дзяржавы наказаў свайму памочніку Зянону Ломацю:

(Лукашэнка: ) “Вось гэтыя тэлефоны з правадамі адыходзяць. У Нямеччыне іх амаль няма. Ужо будзе радыётэлефон, звычайны тэлефон бяз гэтых правадоў. Зянон, перадай Ганчарэнку, каб у Чачэрск паставілі станцыю”.

Аляксандар Лукашэнка прызнаўся:

(Лукашэнка: ) “У Расеі, як і ў нас, склалася цяжкая атмасфэра”.

Калі чыноўнікі ня будуць слухацца, ня стануць своечасова выплочваць пэнсіі, ім не здабраваць:

(Лукашэнка: ) “За гэта мы будзем начальнікам рэзка адкручваць голавы”.

Наконт розных абяцаньняў высокага госьця чачаранін Васіль Казлоў заўважыў:

(Казлоў: ) “Прэзыдэнт абяцае адно, а ў нас улады сваё робяць”.

У Чачэрску, забруджаным радыяцыяй, Лукашэнка зрабіў для журналістаў і незвычайную заяву. Ён сказаў пра гатоўнасьць Беларусі купіць у Літвы Ігналінскую атамную станцыю. Гэта выдатная станцыя, сказаў кіраўнік дзяржавы, і калі яе зачыняць, пацерпіць ня толькі Літва, але і Беларусь.
XS
SM
MD
LG