Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНШЧЫНЕ ТАКСАМА АДЗНАЧЫЛІ ГАДАВІНУ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньняшняй ноччу сябры апазыцыйных партыяў і моладзевых грамадзкіх арганізацыяў у Вілейцы, Жодзіне ды Салігорску вывесілі на жылых дамах ды іншых будынках больш за дзясятак бел-чырвона-белых сьцягоў з жалобнымі чорнымі стужкамі. Сьцягі луналі амаль да абеду, пакуль іх не зьнялі работнікі камунальных службаў.

У Салігорску сябры мясцовага клюбу выбаршчыкаў, філіяў БСДП (“Народная грамада”) і АГП правялі дабрачынную акцыю пры ўдзеле прадпрымальнікаў. Яны закупілі амаль на паўтара мільёна рублёў садавіны, сокаў, лекаў, вопраткі і абутку, а потым раздалі 16 тутэйшым дзецям, хворым на лейкемію, ды 40 чарнобыльскім ліквідатарам. У гэтай акцыі разам са сваімі салігорскімі калегамі па АГП узяў удзел і Андрэй Клімаў, які нядаўна выйшаў з турмы.

Пасьля раздачы дабрачыннай дапамогі апазыцыянэры разам з мясцовымі чарнобыльцамі правялі кароткі мітынг за гарадзкой рысай. Выступоўцы крытыкавалі палітыку ўладаў, скіраваную на згортваньне матэрыяльнай дапамогі грамадзянам, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Сёньня з гэтай жа нагоды з трыбуны чарговай сэсіі Жодзінскага гарсавету заявіў пратэст чарнобыльскі ліквідатар дэпутат Аляксандар Ваўчанін. Ён папракнуў гарадзкіх вэртыкальшчыкаў за тое, што яны не знайшлі сьціплай сумы грошай, каб аказаць гуманітарную дапамогу 42 ліквідатарам, якія жывуць у Жодзіне.

Увечары ў Барысаве, дзе жывуць каля 700 ліквідатараў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, сябры апазыцыйных партыяў, руху “Зубр” і чарнобыльцы у так званых барысаўскіх Курапатах наладзілі жалобную імпрэзу на знак памяці ахвяраў гэтай трагедыі зь ліку барысаўцаў. Гучала малітва, у руках гарэлі сьвечкі, былі схіленыя бел-чырвона-белыя сьцягі.

Зьвестак пра міліцэйскія затрыманьні пакуль няма.
XS
SM
MD
LG