Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ 1500 НАСЕЛЕНЫХ ПУНКТАЎ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗНАХОДЗЯЦЦА НА ЗАБРУДЖАНЫХ РАДЫЯЦЫЯЙ ТЭРЫТОРЫЯХ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Вёска Крутое ў Чачэрскім раёне — адна з найбольш забруджаных радыяцыяй. Прадукцыю з уласных агародаў людзі тут не правяраюць, а санітарныя органы і сельскі савет збольшага наглядаюць толькі за малаком. Раз ці два на год возьмуць пробу малака — і на гэтым усё спыняецца.

У Крутым раённая санслужба зафіксавала высокія ўзроўні забруджаньня малака радыяцыяй у шэрагу прыватных гаспадарак. Узроўні гэтыя ў паўтара і нават тры зь лішкам разы вышэйшыя за норму — 100 бэкерэляў на літар.

Галіна Белькіна працавала ў мясцовым калгасе і паляводам, і сакратаркай, і кухарам у сталоўцы. Зараз на працу ходзіць толькі муж. Сама Галіна ў дэкрэтным адпачынку. Гадуе меншага сына, якому ўсяго два гады. Пра забруджанае радыяцыяй малако распавяла наступнае:

(Белькіна: ) “Мне штосьці казалі. Я ў адказ: “ Ну і што? Што я буду рабіць, калі малы без канца просіць малака?” Во і бульбу садзім, яна ж таксама ў зямлі расьце, як і трава. Я нічога не правяраю. Усё, што ёсьць, тое і ямо. На мяне нічога ня ўзьдзейнічае”.

(Карэспандэнт: ) “А на дзяцей?”

(Белькіна: ) “На старэйшага, напэўна, уплывае. У яго балячкі доўга не зажываюць. Нам сказалі ўрачы: мяняйце клімат, калі не дапамогуць лекі. А дапамогуць, значыць, усё нармалёва”.

Маладая гаспадыня наступнай сядзібы, Вольга Курбацкая, якая таксама трымае карову, наагул нічога ня ведае аб тым, што санслужба забракавала малако зь ейнага падворку.

(Курбацкая: ) “Мы здаем у калгас малако. У нас у тым годзе правяралі радыяцыю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы, што ў вашай гаспадарцы павышаны ўзровень утрыманьня радыенуклідаў у малацэ?”

(Курбацкая: ) “Не! Нам сказалі, што няма радыяцыі”.

Спадарыня Курбацкая распавяла, што вяскоўцы, каб выжыць, купляюць рыбу з ракі Сож. Яе танна прапануюць мясцовыя рыбаловы. Рыбу таксама ніхто не правярае. Людзі проста выжываюць, бо нават мужчыны — а муж Вольгі працуе ў калгасе кіроўцам аўтамашыны — забясьпечыць сям’ю ня ў стане. Заробкі за месяц бываюць усяго 17-20 тысяч рублёў.

А як жа тады жывуць людзі? Пытаюся ў маці дваіх малалетніх дзяцей:

(Жанчына: ) “Мы таксама шмат пыталіся, як нам тут жыць з такімі заробкамі”.

Ніхто вяскоўцам адказу не дае. Такіх вёсак як Крутое, дзе няма заробкаў і дзе забруджаньне прадуктаў радыяцыяй перавышае лагодныя беларускія нормы ў разы, у рэгіёне налічваецца звыш 220. І дзяцей у іх шмат. Яны, дзеці, як і дарослыя бацькі, нягледзячы на існаваньне так званых прэзыдэнцкіх праграмаў “Здароўе народу”, “Дзеці Беларусі”, жывуць з таго, што расьце і здабываецца на параненай Чарнобылем зямлі.
XS
SM
MD
LG