Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ АДБЫЎСЯ СТЫХІЙНЫ МІТЫНГ МЯСЦОВЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Некалькі соцень прадпрымальнікаў патрабавалі ад уладаў, каб іх не высялялі са звыклых гандлёвых месцаў. Паводле рашэньня Магілёўскага гарвыканкаму, з 15 красавіка да 1 траўня ўвесь дробны гандаль на цэнтральных вуліцах гораду мусіць пераехаць на мінірынкі. Аднак гандляры не знайшлі на іх вольных месцаў, а чакаць будаўніцтва новага міні-рынку не зьбіраюцца. Як заявіў прадпрымальнік Сяргей Пуцята, яны ня вераць абяцаньням уладаў:

(Пуцята: ) “Нам паабяцалі мінірынак, але мы будзем вельмі задаволеныя, калі ён будзе зроблены праз два месяцы. Але мы сумняемся ў гэтым. А шукаць — гэта нерэальна, усюды ідзе знос, па ўсім горадзе. Нам нават не далі дапрацаваць да канца месяца з 15 красавіка. Заплацілі падатак і закупілі тавар, а зараз ня ведаем, што зь ім рабіць”.

Прадпрымальнікі не разумеюць, чаму ўлады прынялі гэткае рашэньне. Як патлумачылі чыноўнікі, распараджэньне выкліканае неабходнасьцю ліквідацыі стыхійнага гандлю і паляпшэньня выгляду гораду. Як зазначыў намесьнік старшыні гарвыканкаму Алег Табанюхоў, у горад часта прыяжджаюць менскія госьці, і яны незадаволеныя выглядам гораду.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Магілёва Сяргей Фамін назваў рашэньне ўладаў незаконным.

(Фамін: ) “Рашэньне гарвыканкаму ў некаторай частцы ўступае ў супярэчнасьць з заканадаўствам, бо ў некаторых прадпрымальнікаў ёсьць дзейныя ордэры на разьмяшчэньне аб’ектаў гандлю на дадзенай тэрыторыі. І калі прадпрымальнікі пажадаюць, іх правы можна абараніць праз суд.

Што да іншых гандляроў, то на мой погляд, такая сытуацыя прывядзе да акцыі пратэсту. І калі прадпрымальнікі змогуць аб’яднацца і выступіць разам, то змогуць дасягнуць сваіх мэтаў”.

Прадстаўнікі ўсіх раёнаў гораду сапраўды настроеныя на акцыі пратэсту. Яны спасылаюцца на меркаваньні сваіх пакупнікоў. Адметна, што пасьля ліквідацыі першых шапікаў на праспэкце Міру ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну Магілёва паступіў ліст, які падпісалі больш за 400 жыхароў гэтага мікрараёну. Яны просяць улады аднавіць гандаль у гэтым месцы. Сёньня прадпрымальнікі вырашылі аб’яднацца, і для перамоваў з уладамі ўтварылі аргкамітэт, у які ўвашлі прадстаўнікі ўсіх раёнаў Магілёва.

Вось як бачыць пэрспэктывы гэтых перамоваў адзін з прадстаўнікоў аргкамітэту прадпрымальнік Зьміцер Мельнікаў:

(Карэспандэнт: ) “Ці верыце вы, што зможаце дасягнуць сваіх мэтаў?”

(Мельнікаў: ) “Надзея памірае апошняй, але верыцца ў гэта зь цяжкасьцю”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Мельнікаў: ) “Ну, таму што ўсе перадумовы ёсьць, каб нас зьліквідаваць. Не ўпарадкаваць гандаль, а зьліквідаваць яго”.
XS
SM
MD
LG