Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ВЫТВОРЧАСЬЦЬ САРБЭНТАЎ БЕЛАРУСКАМУ ЎРАДУ НЕ ХАПАЕ 600 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Крыху больш як тры гады таму, калі пасьля арышту былога дырэктара заводу пускавых рухавікоў Уладзімера Жабінскага ўзьвядзеньне цэха сарбэнтаў спынілася, тады яшчэ дзейны рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту, прафэсар Юры Бандажэўскі зьвяртаўся з адмысловым лістом у Саўмін краіны. Ён пісаў, што шырокі спэктар сарбэнтаў для ачысткі крыві і органаў страваваньня “дазваляе выкарыстоўваць іх у розных кірунках прафіляктычнай і клінічнай мэдыцыны ва ўмовах радыеактыўнага ўзьдзеяньня”.

Наколькі вядома, адказу прафэсар Бандажэўскі не атрымаў, а неўзабаве ён наагул быў арыштаваны, нібыта за хабарніцтва. Цэх сарбэнтаў застаўся безабаронным.

Ні тады, ні цяпер ураду не хапіла 600 тысяч даляраў, каб наладзіць выпуск рэчываў для ачысткі арганізму людзей ад радыяцыі. І гэта пры тым, што гомельскі цэх быў уключаны ва ўрадавую праграму разьвіцьця фармакалягічнай прамысловасьці. Тэхналёгіі распрацоўваліся для яго з удзелам Інстытуту сорбцыі і праблемаў эндаэкалёгіі Нацыянальнай акадэміі Ўкраіны.

Цэх вытворчасьці сарбэнтаў для чарнобыльскай зоны надзвычай патрэбны. Харчовая прамысловасьць Беларусі і гомельскага рэгіёну ў прыватнасьці працягвае выпускаць малочныя і мясныя прадукты, у якіх утрыманьне радыёнуклідаў значна большае, чымся, напрыклад, ва Ўкраіне ці Расеі. Такія беларускія нормы! Зь ежай, як сьцьвярджаюць навукоўцы, у арганізм чалавека трапляе да 80% радыёнуклідаў. І калі арганізм не ачышчаць, гэта прыводзіць да розных непажаданых наступстваў для здароўя людзей.

Цяперашні дырэктар заводу пускавых рухавікоў Міхаіл Кандраценка распавёў, што, паколькі ўласных грошай з-за цяжкага эканамічнага стану прадпрыемства цяпер ня мае, ён вымушана зьвяртаўся ў Камчарнобыль і чарнобыльскую камісію так званай палаты прадстаўнікоў наконт выпуску сарбэнтаў для ачышчэньня арганізму ад радыяцыі і іншых шкодных рэчываў. Яму параілі рыхтаваць абгрунтаваньне. Працягвае дырэктар Кандраценка:

(Кандраценка: ) “600 тысяч даляраў для Беларусі, для праграмы — гэта мізэр, пылінка, якая ў бюджэце і незаўважная. Але калі мы ўзьвядзеньне цэху адновім, мы забясьпечым дашкольныя ўстановы, піянэрскія лягеры, дамы адпачынку, шпіталі сарбэнтамі для ачысткі арганізму. Тым болей, што яны робяцца на аснове натуральнай абрыкосавай костачкі. Адначасова мы выпускалі б у цэху і фільтры для ачысткі вады”.
XS
SM
MD
LG