Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ АДМАЎЛЯЮЦЦА ФІНАНСАВАЦЬ СЯЎБУ Ў КАЛГАСАХ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Калі днямі група прыватных гандляроў завітала ў падатковую інспэкцыю, каб засьведчыць выплату чарговага падатку, ад іх там запатрабавалі спачатку паказаць, ці адлічылі яны грошы ў мясцовыя фонды. Гандляры абурыліся. Першымі адмовіліся ад згаданых унёскаў прадпрымальнікі Старабарысаўскага рынку. Затым іх падтрымалі калегі з астатніх рынкаў. Як паведамілі Радыё Свабода прыватныя гандляры, толькі на правядзеньне сяўбы ў калгасах і саўгасах рэгіёну ад іх патрабуюць да 1 траўня адлічыць па стаўцы адзінага падатку або па 100 тысяч рублёў. А яшчэ ня меней аднаго мінімальнага заробку — у фонд падрыхтоўкі гораду да юбілейных сьвяткаваньняў.

Адзін з кіраўнікоў Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Барысава Ігар Крэпскі заявіў, што прыватныя гандляры гатовыя пайсьці на папераджальны страйк, калі толькі барысаўскія ўлады ня спыняць практыку незаконных пабораў.

(Крэпскі: ) "Гэтыя мясцовыя зборы — супрацьзаконныя нават паводле дэкрэта прэзыдэнта пра адзіны падатак. Прадпрымальнікі гатовыя выступіць адзіным фронтам супраць. Гэта будзе аднадзённы страйк".

Цікава, што сёлета ўпершыню пералічваць свае аднадзённыя заробкі ў выканкамаўскія фонды адмаўляюцца і некаторыя супрацоўнікі бюджэтных установаў. Так, у мінулую суботу ў санаторыі "Бярэзіна" публічна на сходзе працоўнага калектыву адмовілася гэта рабіць доктар-тэрапэўт Тамара Кот. Вось што яна распавяла Радыё Свабода:

(Кот: ) "Галоўлекар мне адказаў: "Незалежна ад таго, прыйдзеце Вы на суботнік ці не, грошы будуць усё роўна адлічвацца". Грошы плаціць я адмовілася катэгарычна. Яму не спадабалася. Ён пачаў крычаць”.

Гаворыць супрацоўнік аддзелу культуры Барысаўскага райвыканкаму Анатоль Гедзімін:

(Гедзімін: ) "Я адмовіўся даць грошы. У ведамасьці яшчэ некалькі прочыркаў стаяла — людзей, якія адмовіліся даць грошы на пасяўную кампанію".
XS
SM
MD
LG