Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАГІЛЕ ПАЎСТАНЦАЎ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА Ў ВЁСЦЫ ПЛЯБАНЬ НЯМА НАВАТ ШЫЛЬДЫ


Алесь Мікалайчанка, Маладэчанскі раён

Ужо на чыгуначным прыпынку Ласі, дзе выйшлі блізу сарака маладэчанскіх актывістаў, былі разгорнутыя бел-чырвона-белыя сьцягі. А самі фронтаўцы ды вэтэраны збудаваліся ў невялічкую калёну і рушылі шэсьцем у бок каталіцкіх могілак вёскі Плябань па ажыўленай шасэйнай дарозе. Двойчы на іхным шляху трапляліся міліцэйскія аўтамашыны, але міліцыянты рабілі выгляд, што ніякай маніфэстацыі ня заўважаюць.

Каталіцкія могілкі, што на ўскрайку вёскі Плябань, былі пазначаныя запусьценьнем .Так, з надмагільнага помніка Юльяну Бакшанскаму ды іншым паплечнікам Кастуся Каліноўскага нехта зьвінціў мэталёвую шыльду. Як высьветлілася, гэта зрабіў мясцовы музэй, каб шыльду, зробленую з каляровага мэталу, ня скралі зламысьнікі. На могілках ужо даўно не хаваюць плябанцаў, мусіць, таму яны не былі агароджаныя парканам.

Каля братняй магілы касінэраў пасьля прамаўленьня малітвы адбыўся мітынг. Гаворыць Эдуард Баланчук, лідэр маладэчанскай філіі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ:

(Баланчук: ) "Стаю тут на гэтым нашым мітынгу, і сэрца крывёй абліваецца. Таму што месца гэта закінутае.Сюды ня кожны грамадзянін нашай краіны можа патрапіць, таму што ён можа не знайсьці гэтую магілу ваяроў Кастуся Каліноўскага. Зараз на нашай Бацькаўшчыне кіруе ня той рэжым, які патрэбны. Кіруюць чужынцы. Няма шыльды на гэтай брацкай магіле. Яе прыносяць адмыслова, я ня ведаю для якіх экскурсій. Гісторыя гэтага не даруе".

Прыкладна такія ж самыя пачуцьці выказалі ў сваіх выступах кіраўнік маладэчанскай філіі дэмакратычнага аб’яднаньня "Вэтэран" Тадэвуш Шусьціцкі ды іншыя прамоўцы. Пасьля ўскладаньня кветак да магілы касінэраў ўдзельнікі мітынгу прайшлі калёнай пад нацыянальнымі беларускімі сьцягамі па вёсцы Плябань і далей да чыгуначнага прыпынку Ласі. Міліцыя на месца акцыі так і не зьявілася.
XS
SM
MD
LG