Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БАРАНАВІЧАХ І ВАКОЛІЦАХ ДАГЭТУЛЬ НЕ ЎШАНАВАНАЯ ПАМЯЦЬ ТЫСЯЧ АХВЯРАЎ МАСАВЫХ РАССТРЭЛАЎ


Алесь Горбач, Баранавічы

Як сьведчаць архіўныя дакумэнты, ад верасьня 1939 году і да пачатку вайны на тэрыторыі пяці новаўтвораных заходніх абласьцей, у тым ліку і Баранавіцкай, камуністычны рэжым зьнішчыў 300 тысяч жыхароў. Пад рэпрэсіі і арышты траплялі ўсе: былая польская адміністрацыя, ваеннапалонныя, большая частка якіх была менавіта беларускага паходжаньня, інтэлігенцыя, сялянства. Якраз за два дні да пачатку вайны ў глыб Расеі зь Менску былі накіраваныя 92 чыгуначныя саставы з дэпартаванымі заходнікамі. Жыхароў Баранавіцкай вобласьці ў той дзень было вывезена 2723 чалавекі. Усяго ж за няпоўныя два гады савецкай улады з баранавіцкіх ваколіцаў прымусова былі высланыя каля 20 тысяч чалавек.

Яшчэ больш трагічным быў лёс тых, хто сустрэў першы дзень вайны ў турэмных сьценах.

Распавядае дасьледчык Аляксандар Татаранка:

(Татаранка: ) “Як ужо сёньня вядома, у першы дзень вайны 22 чэрвеня 1941году адбылося надзвычайнае паседжаньне бюро ЦК КП(б)Б пад кіраўніцтвам першага сакратара Панамарэнкі. На гэтым паседжаньні і быў вынесены сьмяротны прысуд усім палітычным зьняволеным, што знаходзіліся на той дзень у турмах, іх вырашылі расстраляць. У другой палове таго ж дня дырэктыва зь Менску паступіла начальніку Баранавіцкага абласнога ўпраўленьня НКВД, і да канца дня на працягу 5 – 6-ці гадзін была выкананая”.

Паводле зьвестак Аляксандра Татаранкі, ёсьць некалькі месцаў, дзе прыводзіўся ў выкананьне той злачынны прысуд — адно месца пахаваньня на тэрыторыі гораду, у раёне вуліцы Фэстывальнай, і некалькі — непадалёк Баранавіч, як, да прыкладу, каля вёскі Новая Мыш.

У Баранавічах у той час было дзьве турмы — “Крывое кола” і “Амэрыканка”. Кожная зь іх зьмяшчала прыблізна пяць тысяч зьняволеных. Акрамя таго, былі турмы ў мястэчках Новая Мыш ды Гарадзішча, якія на той час зьяўляліся раённымі цэнтрамі. Такім чынам, лічба жыхароў Баранавіцкага краю, расстраляных у першы дзень вайны, сягае далёка за 10 тысяч.

Паводле Аляксандра Татаранкі, яму ўдалося адшукаць людзей, якія бачылі, як 22 чэрвеня 1941 году з шостай гадзіны вечара падвозілі грузавікамі зьняволеных, ставілі на калені і стрэламі ў патыліцу забівалі ды скідвалі ў яму. Аднак нават сёньня сьведкі тых падзеяў баяцца адкрыта гаварыць. Архівы, зь якіх можна было б даведацца ўсю праўду, увогуле недаступныя. Тым ня менш, Аляксандар Татаранка паставіў сабе цьвёрдую мэту:

(Татаранка: ) “Я хачу правесьці дасьледчыцкую працу для высьвятленьня ўсіх пахаваньняў са складаньнем базы зьвестак пра сьведкаў, і пасьля выходзіць на афіцыйныя структуры, з дапамогай грамадзкасьці патрабаваць, каб хоць адно з месцаў тых жудасных расстрэлаў было афіцыйна прызнанае ўладамі”.

У 1989 годзе актывісты Беларускага Народнага Фронту ў цэнтры гораду, непадалёк гарвыканкаму, усталявалі крыж у памяць аб бязьвінных ахвярах сталінскага тэрору. Гарадзкія ўлады некалькі разоў спрабавалі яго зьнесьці , людзям даводзілася нават ноччу там дзяжурыць, як дзяжурылі валанцёры ў Курапатах. Урэшце, быў знойдзены кампраміс і крыж перанесьлі ў невялікі сквэрык паблізу ад месца, дзе была турма “Крывое кола”. І сёньня актывісты дэмакратычных суполак зьбіраюцца тут на Дзяды, у іншыя памінальныя дні, каб ушанаваць памяць бязьвінна загінулых. Пакуль што гэты крыж і ёсьць адзінай згадкай і напамінам пра тыя падзеі. На месцах жа пахаваньняў ахвяраў ні крыжоў, ні якіх-небудзь іншых знакаў няма.
XS
SM
MD
LG