Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОМЕЛІ АРЫШТАВАНЫ НАМЕСЬНІК ГЕНЭРАЛЬНАГА ДЫРЭКТАРА АКЦЫЯНЭРНАГА ТАВАРЫСТВА “ГОМЕЛЬАБЛХАРЧ” ВАЛЕРЫ ЦЯРЭШКІН


Казімер Яноўскі, Гомель

Намесьнік генэральнага дырэктара “Гомельаблхарчу” Валеры Цярэшкін арыштаваны ўчора на сваім працоўным месцы супрацоўнікамі рэгіянальнай управы Камітэту ў справах арганізаванай злачыннасьці і карупцыі. Спадар Цярэшкін акурат атрымаў даляравы хабар ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры за згоду на пастаўку “Гомельаблхарчу” буйной партыі цукру.

Акцыянэрнае таварыства забясьпечвае прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня рэгіёну неабходнымі прадуктамі. І гандаль, і грамадзкае харчаваньне працуюць зараз са стратамі. Фінансавыя рэсурсы ў іх абмежаваныя. Таму пастаўшчыкі прадуктаў, іншых тавараў, каб атрымаць рынак збыту, імкнуцца схіліць кіраўнікоў на свой бок, у тым ліку і пры дапамозе хабару.

У рэгіёне ўжо па сутнасьці не засталося галіны, дзе б ня мелі месца хабарніцтвы і злоўжываньні. Пра гэта сьведчаць шматлікія арышты кіраўнікоў. Напрыклад, у аб’яднаньні “Гомельхлебпрам” крымінальныя справы дасьледуюцца супраць цяпер ужо былога генэральнага дырэктара Пугачова, ягонага намесьніка Кундаса і яшчэ аднаго начальніка ніжэйшага рангу.

За кратамі знаходзяцца дырэктар радыёзаводу, намесьнікі кіраўнікоў тлушчакамбінату, фабрыкі марозіва, дэкан унівэрсытэту імя Францішка Скарыны ды іншыя.

Дасьціпныя назіральнікі адзначаюць, што ў нейкім сэнсе зьмяшчэньне за краты, апроч пакараньня, адыгрывае і функцыю ратацыі кіраўнічых кадраў.
XS
SM
MD
LG