Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ ГРАМАДЗКІЯ ЎТВАРЭНЬНІ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У суботу 13 красавіка была створаная кааліцыя шэрагу віцебскіх грамадзкіх арганізацыяў пад назвай “Витебская повестка на 21 век”. У яе ўвайшлі моладзевы цэнтар “Верас”, Рэгіянальнае аб'яднаньне імя братоў Луцкевічаў ды яшчэ шэсьць недзяржаўных грамадзкіх суполак, якія зааявілі пра гатовасьць да супольнае працы дзеля дэмакратызацыі жыцьця вобласьці. Ініцыятарам стварэньня новай кааліцыі стаў старшыня грамадзкага аб'яднаньня “Прыватныя ініцыятывы” Валеры Журакоўскі.

14 красавіка, у нядзелю, у Віцебску прайшла абласная ўстаноўчая канфэрэнцыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, на якой прысутнічаў партыйны лідэр Аляксей Кароль. У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел дэлегаты дзевяці суполак БСДП зь Віцебску і раённых цэнтраў вобласьці. Старшынём абласнога партыйнага камітэту быў абраны Анатоль Гнеўка, які дагэтуль выконваў абавязкі абласнога каардынатара па стварэньні партыйных структураў. Новая абласная арганізацыя абмеркавала і прыняла праграму падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя органы ўлады.

Зрэшты, актыўная дзейнасьць Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі пачалася яшчэ да канчатковага структурнага афармленьня: тутэйшыя прыхільнікі Аляксея Караля ўжо выпусцілі першы нумар свайго бюлетэня “Сацыял-дэмакрат Віцебшчыны”. Ягоным заснавальнікам і рэдактарам ёсьць кіраўнік Гарадоцкай раённай суполкі сацыял-дэмакратаў Леанід Гаравы.
XS
SM
MD
LG