Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДВА МЕСЯЦЫ ШУКАЮЦЬ КІРАЎНІКА ВІЦЕБСКАГА МОЛАДЗЕВАГА ЦЭНТРУ “КОНТУР” ЮРАСЯ КОРБАНА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Юрась Корбан зьнік увечары 19 студзеня, папярэдне патэлефанаваўшы бацькам, што неўзабаве да іх прыедзе. Не дачакаўшыся сына ні ў гэты дзень, ні нават праз тыдзень, маці Юрася напісала ў міліцыю заяву пра ягонае зьнікненьне.

Міліцыянты распачалі вышук, які працягваецца ўжо два месяцы. Па сканчэньні гэтага тэрміну справа можа быць закрытая, бо пра Юрася Корбана няма ніякіх новых зьвестак.

Маці зьніклага спадарыня Ніна Корбан тлумачыць гэтую акалічнасьць тым, што адпаведныя органы ня надта актыўна займаюцца пошукамі ейнага сына. За два месяцы двойчы памяняўся сьледчы па ягонай справе, да пошукаў былі далучаная абласныя ды рэспубліканскія міліцэйскія структуры, а таксама аддзел барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Але плёну, як кажа маці, гэтыя намаганьні ня мелі – пра Юрася па-ранейшаму нічога не вядома.

Сьледчы Аляксандар Харытановіч, які цяпер займаецца справаю Корбана, гэтак сама як і ягоны папярэднік Міхаіл Чорны, ніякіх камэнтароў журналістам не дае, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Тым часам Юрасёвы бацькі ды сябры спрабуюць самі знайсьці зьніклага, але іхныя высілкі пакуль што марныя.

Між тым, як засьведчыў віцебскі кіраўнік Маладога Фронту Віктар Шляхцін, са зьнікненьнем свайго кіраўніка моладзевы цэнтар “Контур” займеў пэўныя праблемы, бо абсалютна ўсёй інфармацыяй пра дзейнасьць цэнтру, у тым ліку і фінансавую, валодаў выключна Корбан.

Па зьнікненьні Юрася Корбана на некалькі тыдняў быў прыпынены выпуск незалежнай газэты “Віцебская трыбуна”, дзе зноў-такі Корбан ёсьць выканаўчым дырэктарам. Нарэшце, менавіта зьніклы Корбан быў галоўным кандыдатам на пасаду старшыні абласное арганізацыі БНФ “Адраджэньне”. Усё гэта дае Юрасёвым сябрам падставы меркаваць, што ягонае раптоўнае зьнікненьне цалкам можа мець палітычныя прычыны.

Спадарыня Ніна Корбан таксама перакананая, што зьнікненьне ейнага сына ня ёсьць спробаю вымагальніцтва, бо за гэты час ніхто не запатрабаваў зь яе ніякіх грошай. Яна пэўная таксама, што Юрась ня зьбег за мяжу ды не хаваецца ад фінансавых праверак. І хаця ніякіх зьвестак пра сына яна ўжо доўгі час ня мае, спадарыня Ніна Корбан гатовая зьвярнуцца ў пракуратуру з патрабаваньнем працягваць пошукі, калі ў віцебскім Чыгуначным райаддзеле міліцыі вырашаць з панядзелка закрыць гэтую справу.
XS
SM
MD
LG