Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ МАГІЛЁЎСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ АГП АШТРАФАВАНЫ ЗА ПАРУШЭНЬНЕ ПАРАДКУ ВАЛЮТНЫХ АПЭРАЦЫЯЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Спадар Шанцаў пацьвердзіў, што ў кавярні размаўляў з валютчыкам Юрыем Быльновым. Але ён адмаўляе факт продажу даляраў. Шанцаў ведае Быльнова яшчэ па сумеснай працы ў аб’яднаньні “Хімвалакно”. Абвінавачаньне ў парушэньні лукашэнкаўскага дэкрэту №1 грунтавался на сьведчаньнях міліцыянтаў. Іхны кіраўнік лейтэнант Нізаўцоў сьцьвярджае, што 25 сакавіка праз акно кавярні бачыў, як Шанцаў прадае Быльнову сто амэрыканскіх даляраў. Пасьля гэтага ў памяшканьне ўварваліся міліцыянты, затрымалі абодвух магілёўцаў і канфіскавалі ў партыйнага лідэра паўтары тысячы даляраў.

Аднак падчас сьледчага экспэрымэнту кіраўнік міліцыянтаў толькі зь дзясятай спробы праз акно змог разгледзець у руках адказчыка сто даляраў ЗША. Маці адказчыка, 84-гадовая Марыя Шанцава заявіла, што сын дапамагае ёй і псыхічна хвораму старэйшаму брату, а паўтары тысячы даляраў яны аддалі яму на захаваньне. “Я ня ведаю, як буду далей жыць?” — у роспачы ўсклікнула яна.

Судзьдзя прызнала, што пасьля затрыманьня і пад час друкаваньня пратаколу міліцыянты дапусьцілі парушэньні закону. У прыватнасьці, яны запісалі ў сьведкі чалавека бязь месца жыхарства, які потым адмовіўся ад сваіх словаў. Тым ня менш, старшыню мясцовай арганізацыі АГП пакаралі мінімальным штрафам памерам 500 тысяч рублёў і канфіскавалі паўтары тысячы даляраў у бюджэт дзяржавы.

Спадар Шанцаў заявіў, што і не спадзяваўся на аб’ектыўнасьць суду.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Шанцаў, ці чакалі вы такога рашэньня суду, што вас пакараюць і забяруць грошы?”

(Шанцаў: ) “Я чакаў горшага, чакаў нават арышту. Зьдзіўляе, як яны на гэта не пайшлі”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы былі так упэўненыя, што ў адносінах да вас выкарыстаюць самае строгае пакараньне?”

(Шанцаў: ) “Я на працягу нейкага часу адчуваю на сабе пастаянны ціск з боку ўладаў. Дык што я мог чакаць у такой сытуацыі”.
XS
SM
MD
LG