Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТАЛЬЛЯ БРЭЛЬ АТРЫМАЛА Ў БЭЛЬГІІ ДАЗВОЛ НА ПРАЦУ І САЦЫЯЛЬНУЮ ДАПАМОГУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле расповеду Натальлі Брэль, пытаньнямі мігрантаў у Бэльгіі займаецца напачатку Міністэрства замежных справаў, а пасля ўжо Генэральны камісарыят у справах уцекачоў і апатрыдаў. Акурат МЗС Бельгіі першым і вырашыла станоўча лёс рэчыцкай актывісткі. Вось што паведаміла вашаму карэспандэнту па тэлефоне з Бэльгіі спадарыня Брэль:

(Брэль: ) “Мне далі пазытыўны адказ. Гэта азначае, што я атрымала першасныя дакумэнты — дазвол на працу, на сацыяльную дапамогу. Карацей, пэўны старт”.

(Карэспандэнт: ) “А што, атрыманьне права на жыхарства можа быць у два ці нават тры этапы?”

(Брэль: ) “Безумоўна, гэта досыць працяглы працэс. Пасля таго, як я падпішу кантракт на жытло, вось тады я атрымаю аранжавую картку. Яна заменіць часовыя дакумэнты, якія ёсьць у мяне. Але аранжавая картка таксама часовы дакумэнт. Толькі пасля атрыманьня статусу — ужо белай карты, я атрымліваю іншыя дакумэнты. І так да атрыманьня грамадзянства. Гэта вельмі сур'ёзная і складаная працэдура. Тут людзі лічаць, што мой выпадак — надзвычай удалы для мяне”.

Я пацікавіўся ў Натальлі, ці вызначылася яна зь месцам жыхарства ў Бэльгіі:

(Брэль: ) “Паслязаўтра мы едзем у службу, якая займаецца сацыяльнай дапамогай. Трэба выслухаць іхныя ўмовы. Я ня ведаю пакуль, што яны могуць прапанаваць. Можа быць, яны скажуць, што я сама магу выбраць месца жыхарства, альбо яны прапануюць нешта сваё”.

Тым часам рэчыцкая пракуратура, якая ўзбудзіла і расьсьледавала крымінальную справу супраць Натальлі Брэль за абразу і паклёп на прэзыдэнта, атрымала назад матэрыялы з гарадзкога суду для арганізацыі пошуку адказчыцы. Распавядае пракурор Віктар Будкоў:

(Будкоў: ) “Закон абавязвае. Вы мне можаце даслаць даведку зь пячаткаю?”

(Карэспандэнт: ) “Якую даведку?”

(Будкоў: ) “Што вам вядома, што яна знаходзіцца ў Бэльгіі. Мы шукаем. Вы падкажыце: вам стала вядома, што злачынца Брэль хаваецца там і там”.

Аднак у гэтай парадзе бяз выраку суду пракурор ужо называе Натальлю “злачынцай”.
XS
SM
MD
LG