Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВУЗЬДЗЕНСКІХ ЛЯСАХ БРАКАНЬЕРАЦЬ МІЛІЦЫЯНТЫ


Алесь Мікалайчанка, Вузда

Ігар Дземянкоў прыехаў у лес разам з маёрамі міліцыі Зьмітром Мікалаевым і Ігарам Хацьком на асабістым легкавіку апошняга. З паляўнічага карабіна страляў Ігар Дземянкоў. Застрэліў ласіху з ласянём.

Як ён тлумачыў суду — нібыта проста хацеў выпрабаваць пасьля рамонту зброю. Аднак гэта не перашкодзіла яму абшкурыць тушы зьвяроў, пасекчы іх на кавалкі загадзя захопленай з дому сякерай.

Дапытаныя судзьдзёю паляўнічазнавец лясгасу Віктар Ярашук і дырэктар лясгасу Васіль Гаркаўчук, якія днём 6 студзеня па гарачых сьлядах браканьерства знайшлі разам з вузьдзенскімі й койданаўскімі міліцыянтамі і схаванае мяса, і зьвярыныя шкуры, і іншыя парэшткі забітых ласёў, сьведчылі, што Ігар Дземянкоў загадзя сплянаваў гэтае злачынства. У прыватнасьці, Віктар Ярашук зазначыў, што Дземянкоў спрактыкаваны браканьер. І яго некалькі год таму ўжо выключалі з таварыства паляўнічых і рыбаловаў за неліцэнзійны адстрэл дзікоў.

Вось што заявіў на судзе Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) "Два гады таму вузьдзенская міліцыя за незаконны адстрэл аленя якраз яго цягала, допыты рабіла. Слуцкая міліцыя таксама летась за адстрэл лася менавіта Ігара Аляксандравіча цягала. Чамусьці ўсе да яго чапляюцца. Чамусьці ў лесе ён і ягоныя сябрукі ўцякаюць ад нас на машынах, а ня нехта іншы".

А вось як пракамэнтаваў працэс дырэктар Негарэльскага навучальна-досьледнага лясгасу Васіль Гаркаўчук:

(Гаркаўчук: ) "Гэта вельмі дрэнна, што людзі, якія павінны дапамагаць наводзіць парадак, ахоўваць нашую прыроду, самі зьяўляюцца яе рабаўнікамі. Гэта ўжо другі выпадак, дзе я выступаю ў якасьці пазоўніка. І таксама быў умешаны ў тую справу супрацоўнік органаў унутраных справаў".

Судовы вырак такі: Ігар Дземянкоў пазбаўлены волі на два гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду. У яго канфіскаваныя дзьве паляўнічыя стрэльбы. Пяць гадоў ён ня мае права паляваць.
XS
SM
MD
LG