Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІК ХОЦІМСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ МІКАЛАЙ ЧЭПІКАЎ ПРЫЗНАЧЫЎ НОВЫМ СТАРШЫНЁМ КАЛГАСУ “ЧЫРВОНЫ МАЯК” СУПРАЦОЎНІКА РАЙВЫКАНКАМУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Новым старшынём калгасу прызначылі намесьніка начальніка ўпраўленьня райсельгасхарчу Сяргея Пагуляева. Мікалай Какаткоў назваў гэтае рашэньне грубым парушэньнем закону, бо паводле калгаснага статуту старшыню мусіць абіраць калгасны сход.

Канфлікт паміж Мікалаем Какатковым і галоўным вэртыкальшчыкам раёну распачаўся пасьля таго, як улады вырашылі аб’яднаць калгас імя Карла Маркса і калгас “Чырвоны маяк” у адну гаспадарку. Мікалай Чэпікаў хацеў бачыць на гэтай пасадзе свайго чалавека. Але ж калгасьнікі на аб’яднальным сходзе 26 сакавіка абралі сваім кіраўніком Мікалая Какаткова, а ягоным намеснікам — старшыню калгасу імя Карла Маркса Васіля Лудчанкова.

Ад гэтага часу ў калгасьнікаў і пачаліся непрыемнасьці з уладай. Амаль тыдзень калгас не атрымліваў паліва для трактароў і кармоў для жывёлы. Больш як 130 калгасьнікаў апынулася бяз працы. Дзейнасьць гаспадаркі была паралізаваная. У калгас прыяжджалі і Мікалай Чэпікаў, і начальнік міліцыі, і кіраўнік райсельгасхарчу, якія патрабавалі, каб апальны старшыня калгасу напісаў заяву пра звальненьне з працы.

Не дачакаўшыся ад яго такой заявы, кіраўнік раённай выканаўчай улады прывёз у калгас новага старшыню. Спадар Какаткоў паведаміў, што ён часова пакідае пасаду з прычыны эканамічнага байкоту, бо калгасьнікі ня могуць працаваць, а жывёлу няма чым карміць. Аднак ён лічыць сябе законным старшынём, які часова выйшаў у адпачынак, і не выключае, што неўзабаве зьвернецца ў суд.
XS
SM
MD
LG