Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПАДАТКІ – НА ПОЛАЦКІЯ “ДАЖЫНКІ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Віцебскі абласны савет падвысіў стаўку мэтавага збору на ўтрыманьне інфраструктуры гарадоў ды раёнаў з 2% да 3%. Гэта, паводле плянаў кіраўніка абласнога фінансавага ўпраўленьня Аляксандра Сергеёнка, дазволіць атрымаць дадтковыя 2 мільярды рублёў, якія пойдуць на падрыхтоўку Полацку да наступных “Дажынак”.

Найпершым прэтэндэнтам на дадатковыя грошы мусіць стаць будынак полацкага аўтавакзалу. Зрэшты, гэты аб’ект пры адсутнасьці фінансаваньня зь мясцовага бюджэту можа запатрабаваць ці ня ўсе сабраныя абласныя сродкі: ягоная рэканструкцыя каштуе недзе паўтара мільярда рублёў. Да таго ж полацкі гарсавет просіць хаця б 100 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю тутэйшага помніка архітэктуры XVI стагодзьдзя – езуіцкага калегіюма, дзе мае разьмясьціцца карцінная галерэя.

Апроч павелічэньня падатковае стаўкі, аблсавет праняў шэраг зьменаў у саміх падатковых правілах. У прыватнасьці, транспартны збор ды збор на ўтрыманьне ды разьвіцьцё мясцовае інфраструктуры цяпер мусяць плаціць як тутэйшыя прадпрыемствы, так і юрыдычныя асобы зь іншых рэгіёнаў, якія маюць свае філіі на Віцебшчыне. Да прыкладу, толькі ў Наваполацку зарэгістравана 17 філіяў юрыдычных асобаў зь Менску, якія будуць цяпер працаваць таксама і на мясцовы бюджэт.
XS
SM
MD
LG