Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ ЗАТРЫМАЛІ ПІКЕТОЎЦАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Шасьцёра маладых мужчынаў усталі каля ганку аблвыканкаму на вуліцы Элізы Ажэшкі. Яны разгарнулі вялікі транспарант з надпісам "Разам з "Пагоняй". У іх былі таксама два плякаты з надпісамі "Свабода слова" і "Мажэйка, Маркевіч — хто наступны?" Гэта адбылося пасьля 11-й раніцы. Адзін з удзельнікаў акцыі, Зьміцер, сказаў:

(Зьміцер: ) “Мы — група грамадзянаў, выступаем за свабоду слова. Наступныя выданьні, я думаю, таксама будуць пад прэсінгам. Мы выступаем у абарону незалежнай прэсы, у прыватнасьці газэты "Пагоня".

Да ўдзельнікаў пікету выйшаў з будынку начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі аблвыканкаму Ўладзімер Амелька. Ён пераконваў, каб яны разышліся.

Пад'ехалі дзьве міліцэйскія машыны, потым яшчэ адна з апэратарам відэаздымкі. Пасьля таго, як апэратар сфільмаваў пікетоўшчыкаў, іх затрымалі, і даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі.

Пікетавалі яны 20 хвілінаў.

Мінакам падчас пікету раздавалі ўлёткі. У тэксьце паведамлялася, што двум супрацоўнікам "Пагоні" — Маркевічу і Мажэйку — пагражаюць 5 гадоў зьняволеньня. І далей: "Суд над журналістамі — гэта спроба застрашыць грамадзтва! Ты распавядаеш анэкдоты пра Лукашэнку?! Ты выказваеш сваё незадавальненьне галечай?! Ты можаш быць наступным! Толькі разам мы можам адстаяць сваю свабоду!"

Улётка падпісана "Канфэдэрацыяй дзеючых суполак "Разам!"
XS
SM
MD
LG