Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ МАЛЬЧЫК АБВЕСЬЦІЎ ГАЛАДОЎКУ НА ЗНАК НЯЗГОДЫ З РАШЭНЬНЕМ СУДУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сяргей Мальчык — старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ "Адраджэньне". Пасьля зачытаньня прысуду ён пасьпеў сказаць наступнае:

(Мальчык: ) “Я лічу сёньняшняе рашэньне суду ў стасунку да мяне і да Вадзіма Саранчукова — гэта арышт на 10 сутак — вельмі жорсткімі мерамі. Мерамі запалохваньня, якімі ўлады хочуць зьбіць нацыянальны рух, зьбіць імкненьне людзей жыць у вольнай краіне і ведаць, што яны — беларусы. Таму сёньня ў знак пратэсту супраць такіх рашэньняў суду я аб'яўляю галадоўку, якая будзе працягвацца ўвесь час майго затрыманьня”.

Ён напісаў заяву на імя начальніка Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі, дзе звычайна ўтрымліваюць арыштаваных. У сваёй заяве ён паведамляе, што лічыць прысуд несправядлівым. І таму будзе галадаць. Прысуд аб арышце старшыні гарадзкой арганізацыі Маладога Фронту Вадзіма Саранчукова быў прыняты на два дні раней.

Два гады таму Сяргея Мальчыка таксама арыштавалі на 10 сутак за ўдзел у акцыі 25-га сакавіка. Ён тады абвесьціў галадоўку. Летась за 25-га сакавіка яго таксама судзілі. Але судзьдзя перадаў пратакол назад у міліцыю, каб судзіць сп-ра Мальчыка больш жорстка. Па словах Сяргея, у суд яго болей не выклікалі. А потым прыйшлі судовыя выканаўцы і паведамілі, што ён аштрафаваны на 150 мінімальных заробкаў.

Цяпер Сяргей Мальчык, раней выкладчык мэдыцынскага унівэрсытэту, знаходзіцца за кратамі. Разам з хуліганамі і дробнымі злодзеямі.
XS
SM
MD
LG