Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙСКІЯ АКТЫВІСТЫ ДАМАГАЮЦЦА, КАБ УЛАДЫ ПРЫЗНАЛІ, ШТО ЗА САВЕЦКІМ ЧАСАМ БЫЛІ ПАЛІТЫЧНЫЯ РЭПРЭСІІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Гэтую мэмарыяльную дошку замовіла бабруйская філія Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Паводле меркаваньня старшыні філіі Ганны Бокач, гэткі надпіс павінен вызначаць гістарычны час і палітычны характар рэпрэсіяў. Пад час перамоваў улады не пагадзіліся як зь першай, так і з другой заўвагай.

Паводле іхнага меркаваньня, ініцыятары мусяць напісаць на дошцы словы Ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў 1920-х — 1950-х гадоў. Паводле словаў старшыні гарвыканкаму Віктара Гарбынёва, пасьля 1950-х гадоў, магчыма, былі рэпрэсіі, а ў 1980-х іх немагчыма ўявіць.

У адказ прадстаунікі арганізацыі нагадалі яму пра Ўладзімера Альховіка і бабруйскага рабочага Міхася Кукабаку. Міхася Кукабаку асудзілі за антысавецкую і антыкамуністычную агітацыю і вызвалілі толькі ў 1988 годзе пасьля 17 гадоў зьняволеньня.

Але і гэтыя доказы не падзейнічалі на бабруйскую вэртыкаль. Чынавенства выказала сумнеў у тым, што гэта былі палітычныя рэпрэсіі і што пасьля сьмерці Сталіна ўвогуле былі рэпрэсіі.

Як сьцьвярджаюць нашчадкі палітрэпрасаваных, улады не цікавяцца і праўдай пра месцы масавых расстрэлаў. А іх у Бабруйскім раёне аж тры. На адным месьціцца Бабруйскі шынны камбінат. На другім, у вёсцы Цітоўка — ваенны палігон. Яшчэ ў адным месцы, непадалёк ад габрэйскіх могілак, знайшлі некалькі прастрэленых чарапоў. Пры дапамозе чальцоў бабруйскай філіі Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у пачатку 1990-х гадоў на двары аўташколы знайшлі рэшткі пастарунка народнага камісарыяту ўнутраных справаў.

Праўда пра сталінскі генацыд у Бабруйску стала вядомая дзякуючы намаганьням некалькіх соцень жыхароў гораду, якія ўваходзяць у Асацыяцыю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Але ўвесь час іхныя ініцыятывы сутыкаліся з супрацівам улады — як за Кебіча, так і за Лукашэнку. Дазвол на будаўніцтва помніка палітвязьням улады далі толькі пасьля галадоўкі Ганны Бокач.

Сябры бабруйскай Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў спадзяюцца, што тэма ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў стане прадметам шырокага грамадзкага абмеркаваньня. Улады мусяць назваць рэпрэсіі палітычнымі і прызнаць іх неабгрунтаванымі.
XS
SM
MD
LG