Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІКВІДАВАЛІ ЦЭНТАР ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ


Алег Супрунюк, Берасьце

Фармальнай падставай для лiквiдацыi самай уплывовай грамадзкай арганiзацыi берасьцейскага рэгiёну былi два папярэджаньнi, вынесеныя цэнтру "Вежа" упраўленьнем юстыцыi аблвыканкаму. Спачатку "Вежу" абвiнавацiлi ў правядзеньнi сацыялягiчнага апытаньня напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў, а потым — у выкарыстаньнi на сваiх блянках i пячатках слова "Берасьцейскi" замест "Брэсцкi" i назвы вулiцы "Савецкiх памежнiкаў" (замест "Савецкiх пагранiчнiкаў").

Абодва папярэджаньнi зьявiлiся лiтаральна на працягу некалькiх тыдняў. На думку прадстаўнiкоў "Вежы", гэта сьведчыла пра намер юрыстаў з абласной вэртыкалi пазбавiць грамадзкае аб'яднаньне магчымасьцi сваечасова абскардзiць рашэньне ўпраўленьня юстыцыi. Дарэчы, хадайнiцтва прадстаўнiкоў "Вежы" аб спыненьнi разгляду згаданай справы, пакуль грамадзкае аб'яднаньне паспрабуе абскардзiць вынесеныя папярэджаньнi, было адхiлена судом.

Сёньня судзьдзя Георгi Дзьмiтрук абвесьцiў, што пазоў упраўленьня задаволены i Берасьцейскi абласны цэнтар падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў "Вежа" мусiць быць лiквiдаваны.

Вось як адрэагавала на гэтае рашэньне старшыня Рады грамадзкага аб'яднаньня "Вежа" Iна Кулей:

(Кулей: ) "Мы ня думалi, што суд можа вынесьці iншае рашэньне. Таму што падставы для такога рашэньня не адпавядаюць той карысьцi, якую арганiзацыя робiць для вобласьцi i якую спадзяецца зрабiць. Я б сказала, што гэтае рашэньне было заплянаванае".

На думку кiраўнiка гарадзенскага аб'яднаньня "Ратуша" Аляксандра Мiлiнкевiча, судовы працэс у Берасьцi яскрава сьведчыць пра стаўленьне ўладаў да арганiзацыяў, што ствараюць трэцi сэктар.

(Мiлiнкевiч: ) "Грамадзкiя арганiзацыi палiтыкай не займаюцца. Яны займаюцца падрыхтоўкай i падтрымкай актыўных людзей, самарэалiзацыi гэтых людзей, распаўджваньнем iнфармацыi. I я думаю, што гэты працэс паказвае, што ўлады ўсьведамiлi, што грамадзянская супольнасьць для iх ёсьць вялiкай небясьпекай. I падобныя захады па лiквiдацыi iншых значных грамадзкiх арганiзацый у Гомелi, Гораднi, Вiцебску паказваюць, што гэта сыстэмная, заплянаваная акцыя".

Прадстаўнiкi цэнтру "Вежа" паведамiлi, што абавязкова будуць абскарджваць сёньняшняе рашэньне абласнога суду. Адначасова заснавальнiкi "Вежы" ня выключаюць захадаў па рэгiстрацыi новага грамадзкага аб'яднаньня, калi рашэньне аб лiквiдацыi "Вежы" ня будзе скасаванае.
XS
SM
MD
LG