Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА НА СУПРАЦОЎНІКАЎ ГАЗЭТЫ "ПАГОНЯ" ПЕРАДАЕЦЦА Ў СУД


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Напярэдадні падзеі разьвіваліся наступным чынам. Судзьдзя Кулевіч адхіліў хадайніцтвы адвакатаў. Адно зь іх датычыла правядзеньня тэхнічнай экспэртызы. Журналісты і іхныя абаронцы лічаць, што матэрыялы арыштаванай у друкарні газэты не распаўсюджваліся ў інтэрнэце. А менавіта на гэтым трымаецца абвінавачаньне.

Учора Мікола Маркевіч наведаў пракуратуру, каб занесьці скаргу на пастанову сьледчага. Да пракурора па нагляду Валерыя Шуляка, зь якім ён дамовіўся аб сустрэчы па тэлефоне, яго не пусьцілі. Паводле словаў Маркевіча, яму сказалі апусьціць скаргу ў скрыню для скаргаў у фае пракуратуры. Ён гэта і зрабіў.

Сёньня ў другой палове дня я пацікавіўся ў Валерыя Шуляка, ці разглядалася скарга Міколы Маркевіча. Пракурор адказаў, што ніякай скаргі ня бачыў. Паводле яго словаў, суд можа адбыцца ўжо меней як празь месяц.

Пра накіраванасьць сьледзтва сьведчыць такі факт. У матэрыялах знаходзяцца тры высновы розных спэцыялістаў. Усе яны лічаць, што ў публікацыях "Пагоні" не было паклёпу на прэзыдэнта. Прычым дзьве экспэртызы з трох зробленыя менавіта на замову сьледзтва.

Але, атрымаўшы адмоўныя адказы, сьледчы Кулевіч вырашыў ня браць пад увагу меркаваньні экспэртаў. Ён паведаміў журналістам, што вынікі літаратуразнаўчай экспэртызы для органаў не абавязковыя. І што не патрэбныя веды ў галіне філялёгіі, каб вызначыць, ці ёсьць у тэксьце паклёп, ці няма.
XS
SM
MD
LG