Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТРАЙК КІРОЎЦАЎ “ХУТКАЙ ДАПАМОГІ” Ў МАГІЛЁВЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Каля 50 кіроўцаў перасталі працаваць, каб атрымаць законна заробленыя грошы. Як сьцьвярджаюць удзельнікі страйку, яны разумеюць, у якое становішча пастаўленыя хворыя, але, тым ня менш, яны вымушаныя пайсьці на гэты крок, каб забясьпечыць харчаваньне для ўласных дзяцей і падарункі жонкам напярэдадні сьвята.

З 50 аўтамабіляў працавалі толькі 6. Адміністрацыя шпіталя “хуткай дапамогі” знайшла гэтыя машыны, каб дапамагчы найбольш цяжкім хворым. Удзельнікі страйку патрабавалі ліквідацыі запазычанасьці па заробках, аднак галоўны лекар шпіталя Леанід Казак заявіў:

(Казак:: ) “Хуткая дапамога – адна дзяржава, а аўтабаза – другая. Мы толькі выплочваем грошы за арэнду аўтамабіляў, а заробак – клопат аўтабазы”.

У другой палове дня кіроўцы аўтабазы прадпрыемства ўстановы аховы здароўя зноўку выйшлі на працу. Начальнік упраўленьня аховы здароўя Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Пячкоўскі прыехаў на аўтабазу і паабяцаў яе супрацоўнікам выплаціць заробак за студзень да 8-га сакавіка. У сваю чаргу кіроўцы сказалі, што калі абяцанак ня будзе выкананы, яны паўтораць страйк на наступным тыдні.

Такая сытуацыя з выплатай заробкаў характэрная ня толькі для кіроўцаў магілёўскіх шпіталяў. Паводле інфармацыі, атрыманай у гарадзкой станцыі пераліваньня крыві, ейных супрацоўнікаў зьбіраюцца адправіць у адпачынак за свой кошт ажно на 3 месяцы.
XS
SM
MD
LG