Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКАГА АПАЗЫЦЫЯНЭРА ЎЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКУ АШТРАФАВАЛІ НА 2 МІЛЬЁНЫ БЕЛАРУСКІХ РУБЛЁЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Нагадаем, што гэткім чынам Уладзімер Плешчанка пакараны за тое, што выйшаў у цэнтар Віцебску з плякатам “Патрэбныя новыя пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары пад пратэктаратам міжнародных арганізацыяў”. Гэта было 22-га студзеня, калі ў Віцебск якраз прыехаў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

Сёньня цягам судовага паседжаньня спадар Уладзімер Плешчанка ізноў падкрэсьліў, што сьвядома выйшаў на несанкцыяваную акцыю, бо лічыць, што віцебскія ўлады фактычна забаранілі пікеты, наўмысна вызначыўшы для іхнага правядзеньня аддаленыя месцы.

Судзьдзя Сьвятлана Туфан, якая ўжо не ўпершыню судзіць спадара Плешчанку менавіта за несанкцыяваныя пікеты ля “Сіняга дому”, параіла яму ўсё ж зьвярнуцца ў гарвыканкам, каб у якасьці вынятку пэрсанальна яму дазволілі пікетаваньні ў гэтым месцы. Тым больш што ягоныя прынцыповыя выхады да "Сіняга дому" часьцяком “падрываюць” гарадзкі бюджэт: выклікаецца службовая міліцэйская машына, марнуецца паліва ды г.д.

Але спадар Плешчанка лічыць падобныя звароты да віцебскіх уладаў немэтазгоднымі. Бо свае акцыі ля “Сіняга дому” ён праводзіць ужо больш як 10 гадоў запар, і ўлады пра гэта ня толькі выдатна ведаюць, але яшчэ й гатовыя спагнаць зь яго немалыя грошы: толькі за свае мінулагоднія несанкцыяваныя акцыі на гэтым месцы Уладзімер Плешчанка быў тройчы аштрафаваны агульнай сумай на 450 мінімальных заробкаў. І сёньняшні штраф у 2 мільёны рублёў яшчэ большы за папярэднія, дарма што сёлета ён пакуль першы…
XS
SM
MD
LG