Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ПАЧАЎСЯ СУД У СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ ГРАМАДЗКАГА АБ'ЯДНАНЬНЯ “ВЕЖА”


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле пазову, накiраванага ўпраўленьнем юстыцыi аблвыканкаму ў суд, летась грамадзкаму аб'яднаньню "Берасьцейскi абласны Цэнтар падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў "Вежа" былі зробленыя два папярэджаньні у зьвязку зь дзейнасьцю, якая, на думку юрыстаў з абласной "вэртыкалi", супярэчыла статуту аб'яднаньня.

У першым выпадку ход быў пра апытаньне грамадзянаў, праведзенае напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў. Ва ўпраўленьнi юстыцыi лiчаць, што гэтае апытаньне было сацыялягiчным i праводзiць яго "Вежа" ня мела права.

Другое папярэджаньне было вынесенае "Вежы" 5 кастрычнiка мiнулага году на падставе таго, што аб’яднаньне выкарыстоўвае ў сваёй назьве слова "Берасьцейскi" замест "Брэсцкi", а таксама называе ў адрасе Цэнтру вулiцу Савецкiх памежнiкаў (замест "Савецкiх пагранiчнiкаў").

Яшчэ адно абвiнавачаньне тычыцца надрукаваных у iнфармацыйным бюлетэнi Цэнтра "Вежа" аб'яваў пра дзейнасьць берасьцейскай фiлii Маладога Фронту, аб'яднаньня "Дзедзiч" i грамадзкай прыёмнай "Прававая клiнiка". Ва ўпраўленьнi юстыцыi лiчаць, што нельга паведамляць пра арганiзацыi, якiя незарэгiстраваныя альбо ня маюць адпаведнай лiцэнзii. Агулам усе гэтыя парушэньнi, на думку юрыстаў з аблвыканкаму, даюць падставы патрабаваць лiквiдацыi грамадзкага аб'яднаньня "Вежа".

У сваю чаргу прадстаўнiкi "Вежы" нязгодныя з гэтай высновай. Сёньня яны спрабавалi давесьцi суду, што вынесеныя папярэджаньнi неабгрунтаваныя. "Вежа" працягвае барацьбу за iхнае скасаваньне ў розных судовых iнстанцыях.

Вось як камэнтуе сёньняшнi працэс сябра правабарончай арганiзацыi "Прававая iнiцыятыва" Барыс Звоскаў:

(Звоскаў: ) "Уражвае несувымернасьць патрабаваньняў упраўленьня юстыцыi да Берасьцейскага аб'яднаньня "Цэнтар падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў "Вежа". Справа ў тым, што калi нават дапусьцiць, што былi нейкiя адступленьнi ад закону, якiя тычацца назвы арганiзацыi, гэта ня ёсьць пацверджаньнем, што закон быў парушаны. А вось несувымернасьць такога адступленьня i пакараньня — лiквiдацыя аб'яднаньня, якое шмат што зрабiла i прынесла карысьць людзям i арганiзацыям, проста ўражвае. Гэта нагадвае 1937-мы год — "закон аб каласках", калi за мех каласкоў атрымлiвалi дзесяць год бяз права перапiскi".

Пасьля таго, як суд заслухаў меркаваньнi кожнага з бакоў, судзьдзя Дзьмiтрук вырашыў зрабiць перапынак i выклiкаць сьведкаў, якiя прымаюць удзел у праграме "Прававая клiнiка". Разгляд справы плянуецца працягнуць 5 сакавiка.

XS
SM
MD
LG