Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІ-РЫНКІ ПАЧАЛІ ЗАЧЫНЯЦЬ І Ў НАВАПОЛАЦКУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Наваполацкія міні-рынкі працуюць у шасьцёх самых людных мясьцінах гораду, і такая форма гандлю вельмі зручная для месьцічаў. Аднак гарадзкія ўлады, відаць, па ўказаньні «зьверху», робяць усё, каб тыя рынкі прычыніць. Пры гэтым выкарыстоўваюцца выключна эканамічныя вагары. Так, ад сёньняшняга дня аплата гандлёвага месца ўзрасла ў некалькі разоў, што вымушае дробных гандляроў згортваць гандаль. Аб прычыне такой зьявы распавядае старшыня мясцовага Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валер Шаўчэнка.

(Шаўчэнка: ) «Справа ў тым, што міні-рынкі сталіся сур’ёзным канкурэнтам дзяржаўнаму гандлю. Замест таго, каб браць дарагія й заляжалыя прадукты ў дзяржаўных крамах, людзі ідуць на міні-рынкі, каб хутка і танна набыць патрэбныя тавары. Дзяржава вырашыла праблему вельмі проста: узьняла ў 3-10 разоў аплату гандлёвага месца, каб такім чынам зачыніць міні-рынкі. Прычым, гэта ня першая такая падвышка. Прадпрымальнікам прапануюць перайсьці на галоўны гарадзкі рынак, але там няма вольных месцаў, да таго ж, ствараюцца праблемы для пакупнікоў, бо ня кожны мае час бегаць на рынак, які працуе ад 10-е да 15-е гадзіны, а ў панядзелкі не працуе зусім».

Сёньня а другой палове дня ініцыятыўная група прадпрымальнікаў у складзе 50 чалавек дамагалася сустрэчы з намесьнікам старшыні гарвыканкаму Віктарам Усьціненкам, але той адмовіўся ад сустрэчы, матывуючы сваё рашэньне тым, што ў дадзены момант ён вывучае праблему, і сустрэча такая можа адбыцца не раней 6 сакавіка. У адказ прадпрымальнікі – ужо ад сёньняшняга вечару – распачалі збор подпісаў новапалачанаў з патрабаваньнем адмены рашэньня аб фактычнай ліквідацыі міні-рынкаў.


XS
SM
MD
LG