Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У МАГІЛЁВЕ АДМОВІЎ РАБОТНІКУ-БУДАЎНІКУ Ў АДНАЎЛЕНЬНІ НА ПРАЦЫ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу трэсту лічыць, што яго звольнілі ў лютым з прычыны ягонай актыўнай грамадзкай дзейнасьці. За год сваёй прафсаюзнай дзейнасьці ён меў чатыры спагнаньні.

Апошняе спагнаньне ён атрымаў за парушэньне будаўнічых нормаў і правілаў, а дакладней за тое, што ён нібыта дрэнна клаў плітку. Спадар Паўлоўскі не пагадзіўся з гэтым абвінавачаньнем і на судзе заявіў, што адміністрацыя не забясьпечвала рабочых якасным інструмэнтам і парушала тэхналёгію кладкі.

Каб падцьвердзіць сваю заяву, Аляксей Паўлоўскі прапанаваў правесьці экспэртызу будынкаў, дзе ён працаваў, з дапамогай супрацоўнікаў тэхнагляду абласнога ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва. Калі судзьдзя адмовілася задаволіць гэтае хадайніцтва, прафсаюзны лідэр запрасіў на суд сваіх былых калегаў і загадчыка лябараторыі, які падпісваў пратакол пра парушэньні, а пасьля звольніўся з працы.

Усе будаўнікі, якія працавалі разам з Аляксеем Паўлоўскім, пацьвердзілі, што ён нічым не адрозьніваўся ад іншых, працаваў, як усе. Аднак судзьдзя больш важкімі прызнала аргумэнты прадстаўнікоў адміністрацыі і таго ж загадчыка лябараторыі.

Што адметна, на просьбу муляра Паўлоўскага інспэктары дэпартамэнту дзяржбуднагляду па Магілёўскай вобласьці правялі экспэртызу, пасьля якой аштрафавалі трэст на 300 мінімальных заробкаў за парушэньне вытворчых тэхналёгіяў.

Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду спадар Паўлоўскі:

(Паўлоўскі: ) “У ходзе суду высьветлілася, што сапраўднымі бракаробамі былі якраз інжынэрна-тэхнічныя работнікі, у працы якіх дэпартамэнт дзяржбуднагляду выявіў парушэньні будаўнічых нормаў і правілаў. З прычыны гэтага прыйдзецца часова прыпыняць будоўлю 120-кватэрнага дома. Гэтага не было бы, калі б яны сапраўды займаліся сваімі абавязкамі, а не складалі неаб’ектыўныя пратаколы дзеля майго звальненьня”.


XS
SM
MD
LG