Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД НАД ЗУБРОЎЦАМІ Ў ШКЛОВЕ ПЕРАНЕСЬЛІ НА 14 САКАВІКА


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоў

Сёньняшняе паседжаньне суду было чацьвертым з пачатку судовага працэсу. Перад судом адказчыкі выглядалі ўпэўнена. Я зьвярнуўся да аднаго зь іх, Максіма Патупчыка, з пытаньнем:

(Карэспандэнт: ) “Якога рашэньня вы чакаеце ад суду?”

(Патупчык: ) “Самае дрэннае — гэта штраф. А так мо прызнаюць вінаватымі, але без пакараньня. Спадзяемся найлепшага — што нам нічога ня будзе, што нас апраўдаюць”.

Падчас суду памочніца раённага пракурора спрабавала даказаць, што Аляксандар Паўловіч, Міхаіл Кісялёў, Максім Патупчык, Дзяніс Сенакосаў і Зьміцер Шалашкоў абразілі гонар і годнасьць беларускага прэзыдэнта. Ірына Алданава кажа, што адзін зь іх у масцы, якая нагадвала спадара Лукашэнку, у жніўні прыйшоў у краму вёскі Гарадзец, а іншыя выконвалі ролі санітараў, якія таго лавілі.

Памочніца раённага пракурора спасылалася на сьведчаньне старшага сяржанта Аляксея Кіргізава. Той казаў, што санітары цягнулі чалавека ў масцы на вуліцу і крычалі: “Забяром псыха!” Адметна, што на папярэднім паседжаньні суду бабулі-сьведкі не пазналі ў юнаках актораў і ня памяталі, што яны казалі сьледчаму ў жніўні. Відаць, таму спадарыня Алданава хадайнічала, каб на суд запрасілі менавіта сьведку-міліцыянта.

Жыхары Шклова кажуць, што актыўнасьць памочніцы раённага пракурора Алданавай тлумачыцца яе добрым знаёмствам з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той быў старшынём калгасу “Гарадзец”.

Сёньня на працягу дня дапытвалі сьведкаў абвінавачаньня, сьледчага і некалькіх пакупнікоў, якія былі ў краме. Аднак іхных сьведчаньняў не хапіла, каб прызнаць віну адказчыкаў. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва адваката пра правядзеньне экспэртызы маскі, якая нагадвала Лукашэнку. Пасьля зь невядомых прычынаў суд перанесьлі на 14 сакавіка.

Маці Аляксандра Паўловіча Валянціна ня ведае, чаго чакаць ад суда далей.

(Паўловіч: ) “Справядлівасьці ў краіне няма, ня ведаю, што тут будзе. Я віны іхнай не адчуваю, але ня ведаю, што будзе далей. Зараз такі цяжкі час, што на гэтае пытаньне ня ведаю, як адказаць”.

XS
SM
MD
LG