Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАД ПРЫЕЗДАМ ЛУКАШЭНКІ Ў ГОМЕЛІ ПАЧАЛІ ХУТЧЭЙ БУДАВАЦЬ ДЫСПАНСЭР ДЛЯ АХВЯРАЎ ЧАРНОБЫЛЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Жыхары Гомеля горка жартуюць: каб быць хутка пабудаваным, спэцдыспансэр радыяцыйнай мэдыцыны павінен зрабіцца лядовым палацам. На палацы для хакею (гомельскім таксама) перавысілі ўсе будаўнічыя нарматывы. Больш за тое, зараз у абласным цэнтры выдзеленыя сродкі на праектаваньне другой чаргі лядовага палацу.

Што ж да спэцдыспансэру для лячэньня ахвяраў Чарнобылю, то фінансаваньне яго вядзецца па рэшткаваму прынцыпу. Распавядае галоўны доктар Уладзімер Верабей:

(Верабей: ) “Летась у нас 2 мільярды рублёў забралі. З 4-х забралі 2 мільярды. 600 мільёнаў — на калектар, 300 — на розныя рэспубліканскія аб’екты паводле распараджэньня Мінфіну. Пры канцы году мы пазбавіліся яшчэ аднаго мільярда”.

Два мінулыя месяцы таксама страчаныя. З-за адсутнасьці фінансаваньня швайцарская фірма “Смелт-Інтаг”, якая выступае генэральным падрадцам, пакінула радыяцыйны цэнтар. Тут корпаюцца толькі для адводу вачэй паўдзясятка чалавек будтрэсту №27.

Сёньня даўгабуд наведаў міністар аховы здароўя Ўладзіслаў Астапенка разам з “вэртыкальнымі” кіраўнікамі вобласьці. І не выпадкова. У абласным цэнтры афіцыйна аб’яўлена, што ў сакавіку спэцдыспансэр наведае Аляксандар Лукашэнка. Гэта будзе ягоны чацьверты візыт.

Відавочна, што і мясцовая “вэртыкаль”, і Міністэрства аховы здароўя як заказчык спэцдыспансэру намагаюцца ажывіць даўгабуд. Міністар Астапенка заявіў:

(Астапенка: ) “Спадзяюся, што зьявяцца нейкія рашэньні, каб паскорыць пабудову даўгабуду — ці “чорнай дыры”, як я яе называю”.

Нястача грошай вымушае міністэрства пагаджаца на пачарговы ўвод спэцдыспансэру. Аднак нават на скарочаны варыянт трэба 8 мільёнаў беларускіх рублёў і каля 10 мільёнаў даляраў. І вось што дзіўна. Ні Камітэт у праблемах Чарнобылю, ні мясцовы аблвыканкам сёлета пакуль не спрычыніліся да фінансаваньня мэдычнай установы, якая востра неабходная жыхарам забруджанага радыяцыяй рэгіёну.


XS
SM
MD
LG