Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕДКІ НА СУДЗЕ Ў ШКЛОВЕ НЕ ПАЗНАЛІ АБВІНАВАЧАНЫХ


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоў

Аляксандра Паўловіча, Максіма Патупчыка, Дзяніса Сенакосава, Зьмітра Шалашкова, Міколу Кісялёва затрымалі летась у жніўні ў вёсцы Гарадзец Шклоўскага раёну. У аднаго зь іх знайшлі маску. якая нагадвала міліцыянтам Аляксандра Лукашэнку. Ён зайшоў у краму і абяцаў усім 100-даляравы заробак. Як заявіў на судзе сьведка, старшы сяржант аўтаінспэкцыі Аляксей Кіргізаў, іншыя маладзёны, апранутыя у мэдычныя халаты, крычалі, што гэты чалавек псыхічна хворы.

Суд заяцягнуўся таму, што на папярэднія паседжаньні не зьяўляліся сьведкі з боку абвінавачаньня. Сёньня на суд прыйшоў аўтаінспэктар разам са сваёй жонкай. Прывезьлі старых бабулек, якія жывуць у вёсцы Гарадзец. Заля суду была запоўненая цалкам. Зуброўцы разумеюць, што калі прызнаюць віну іх сяброў, то падсудныя могуць атрымаць некалькі гадоў пазбаўленьня волі. Сёньня нечакана для прысутных, падсудныя зуброўцы заявілі пра намер зьмяніць свайго папярэдняга адваката на новага. Новаму адквакату спатрэбілася некалькі гадзінаў для таго, каб пазнаёміцца са справай.

А другой гадзіне дня судзьдзя выслухала сьведкаў – 82-гадовую Вольгу Ўсьцінаву і 85-гадовую Марыну Юраткову. Ніводная зь іх не пазнала юнакоў. Як высьветлілася, спадарыня Ўсьцінава дрэнна чуе і бачыць і не пазнала нікога на фатаздымках. “Бог іх ведае,” – сказала яна на судзе. Абедзьве жанчыны распавялі, што ня бачылі чалавека ў масцы і нічога ня памятаюць са жнівеньскіх падзеяў. Аднак памочніца раённага пракурора Ірына Алданава спрабавала давесьці віну маладзёнаў ускоснымі фактамі. Яна нагадала спадарыні Ўсьцінавай, што тая на допыце ў сьледчага ў жніўні летась казала пра маску, якая нагадвала Лукашэнку. Бабуля пагадзілася з гэтым выказваньнем, але сказала, што сьледчы не дачытаў ёй патакол да канца. Марына Юраткова наогул ня памятае пра пратакол. Пасьля пратэсту адваката судзьдзя зрабіла заўвагу супрацоўніцы раённай пракуратуры.

Дзеяньні юнакоў як абразу гонару і годнасьці беларускага прэзыдэнта ацаніў толькі аўтаінспэктар, старшы сяржант Аляксей Кіргізаў і яго жонка Тацяна. На хадайніцтва адваката судзьдзя пагадзілася выклікаць яшчэ трох сьведкаў, таму паседжаньне перанесьлі на 28 лютага. У гэты дзень і будзе вынесеная судовая пастанова.

Напрыканцы суду некалькі дзясяткаў яго ўдзельнікаў, у тым ліку і маці падсудных, напісалі заяву ў Шклоўскі раённы аддзел міліцыі. Яны патрабуюць прыцягнуць старшага сяржанта Аляксея Кіргізава да адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што пасьля суду ён абражаў падсудных.


XS
SM
MD
LG