Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ЗУБРОЎЦАМ НЕ ДАЗВОЛІ ПАМЫЦЬ ТАНК


Казімер Яноўскі, Гомель

Прыкладна а 16-й гадзіне 23 лютага гомельскія прадстаўнікі руху “Зубр” і Маладога Фронту ўзьлезьлі на танк Т-34 і пачалі ачышчаць яго ад птушынага памёту і ўсялякага бруду. Такім чынам яны хацелі прыдаць “трыццацьчацьвёрцы” больш прывабны выгляд.

Аднак патрульныя міліцыянты і людзі ў цывільным запатрабавалі ад хлапцоў зьлезьці з танка. Калі на пляц пад’ехаў варанок з АМОНам, хлопцы кінуліся ўрассыпную. Недзе праз паўгадзіны яны зноў сабраліся каля танка, але наверх ужо не палезьлі. Сталі зьбіраць вакол пустыя плястыкавыя бутэлькі ды абгортачную паперу.

Калі адзін з “зуброў” панёс выкідаць сьмецьце ў кантэйнэр ля цырку, міліцыянты перапынілі яго і пачалі правяраць, што гэта ён носіць падазронае ў цэляфанавым мяху.

Увечары больш дзясятка маладафронтаўцаў пад сьцягам сваёй арганізацыі і гістарычным бел-чырвона-белым сьцягам прайшлі вуліцай Савецкай да цэнтральнага пляцу, які носіць імя Леніна. Тут яны раздавалі ўлёткі “Беларусь у Эўропу” і аркушы з 10 пытаньнямі да жыхароў гораду. Сярод іх былі й такія: дзе б гамельчукі хацелі жыць? Ці давяраюць яны палітыцы Аляксандра Лукашэнкі?

Нарад міліцыянтаў адабраў у маладафронтаўцаў іх сьцягі. Затрыманыя былі Юрась Дашчынскі, Уладзімер Еўтухоў, Дзяніс Чыкалёў і Юрась Васілюк. У пастарунку на вуліцы Працоўнай іх пратрымалі дзьве гадзіны, а пасьля адпусьцілі. На Юрася Дашчынскага як поўнагадовага склалі пратакол за карыстаньне незарэгістраванай сымболікай.

Сёньня гэты адміністрацыйны пратакол павінны быў разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля. Але, як паведаміў сам спадар Дашчынскі, позвы ў суд ён не атрымаў.


XS
SM
MD
LG